Украінская паліцыя расследуе больш за 110 тысяч крымінальных справаў супраць расейскіх вайскоўцаў

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіне былі заведзеныя 111 081 крымінальная справа па фактах здзяйснення на тэрыторыі Украіны злачынстваў вайскоўцамі ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Такія дадзеныя прадставіла Нацыянальная паліцыя Украіны.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: iamir.info

Найбольш справаў – 96 540 – заведзена за парушэнні законаў і звычаяў вайны (арт.438 Крымінальнага кодэксу Украіны).

9 255 – за замах на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны (арт.110 КК Украіны).

Паводле артыкулу 111-1 КК – «Калабарацыйная дзейнасць» – расследуюцца 3 529 справаў.

Чарговае ваеннае злачынства: зʼявілася відэа расстрэлу ўкраінскіх ваеннапалонных

За дзяржаўную здраду (арт.111 КК Украіны) распачата 243 крымінальныя працэсы.

Акрамя таго, расследуюцца 76 справаў па фактах здзяйснення вайскоўцамі РФ сексуальных злачынстваў.

Нацыянальная паліцыя Украіны распавяла таксама пра злачынствы расейскай арміі супраць украінскіх дзяцей. Так, ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне загінулі 520 дзяцей. 1185 былі параненыя, 2266 – зніклі без вестак. 19 546 украінскіх дзяцей былі дэпартаваныя ў Расею, з іх атрымалася вярнуць 387 чалавек.

Дзярждэп ЗША: Вывезеныя ў Беларусь украінскія дзеці могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі

На тэрыторыях дэакупаваных раёнаў украінская паліцыя выявіла 88 месцаў несвабоды ды катаванняў – у іх расейскія вайскоўцы незаконна ўтрымлівалі і катавалі ўкраінскіх грамадзянаў. Найбольш такіх месцаў – 28 – знайшлі ў Харкаўскай вобласці. У Запарожскай – 26, у Херсонскай – 18. Па 5 – у Данецкай і Кіеўскай вобласцях, 3 – у Чарнігаўскай, і па 2 – у Сумскай і Мікалаеўскай вобласцях.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны