Зянон Пазняк анансаваў стварэнне палітычнай структуры з удзелам палка Каліноўскага

Палітык Зянон Пазняк на прэс-канферэнцыі ў Варшаве распавёў пра перамовы з палком Каліноўскага аб стварэнні вайскова-палітычнай структуры – Рады бяспекі. Кансультацыі на гэты конт трываюць з рознымі нацыянальна-дэмакратычнымі арганізацыямі, перадае карэспандэнт «Белсату».

Прэсавая канферэнцыя Зянона Пазняка, Паўла Усава, Дзмітрыя Шчыгельскага з удзелам Вадзіма Кабанчука ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Між палком Каліноўскага (фармаваннем ЗСУ) і іншымі нацыянальна-дэмакратычнымі арганізацыямі вядуцца кансультацыі пра стварэнне вайскова-палітычнай структуры – Рады бяспекі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Варшаве паведаміў кіраўнік КХП – БНФ Зянон Пазняк.

Паводле яго, орган, які цяпер ствараецца, у перспектыве можа выканаць выразную ролю ў адраджэнні Беларусі і заваяванні свабоды.

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук, які таксама ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, патлумачыў, што такая структура патрэбная, каб добраахвотнікаў не вінавацілі, што яны «лезуць не ў сваю справу». Новы вайскова-палітычны суб’ект у першы час будзе несці больш прадстаўнічыя функцыі. Кабанчук мяркуе, што Украіна будзе ўцягнутая ў «вырашэнне лёсу Беларусі», пры гэтым афіцыйны Кіеў з беларускай апазіцыяй не мае кантактаў. І наогул, для вайсковай структуры важна, каб былі палітычныя прадстаўнікі, якія будуць займацца лабіяваннем інтарэсаў, адзначыў Кабанчук.

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук на прэс-канферэнцыі ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На пытанне карэспандэнта «Белсату», каго менавіта будзе рэпрэзентаваць новае аб’яднанне – «каліноўцаў», беларусаў ва Украіне або беларусаў наогул – Вадзім Кабанчук адказаў: найперш полк, але таксама і дыяспару.

У структуру ўвойдуць колішнія ваяры, якія праз раненне ці з іншых прычынаў скасавалі кантракты, а таксама палітычныя актывісты ва Украіне і за межамі Украіны, распавёў намеснік камандзіра палка.

Ён таксама адзначыў, што ў вайсковых пытаннях «каліноўцы» падпарадкоўваюцца ўкраінскаму кіраўніцтву, але ў палітычным плане яны незалежныя, не маюць нейкіх куратараў і ў палітычных выказваннях дазваляюць сабе непараўнальна больш, чым людзі ў Беларусі і Расеі.

Іншы ўдзельнік прэс-канферэнцыі, прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў, дадаў, што новы суб’ект «выходзіць за межы Украіны». Аснова – полк Каліноўскага, але важна, каб далучаліся нацыянальна-дэмакратычныя структуры ў тым ліку за мяжою, сказаў Усаў.

Зянон Пазняк разам з Паўлам Усавым і псіхіятрам Дзмітрыем Шчыгельскім тыдзень таму наведаў Бахмут і сустрэўся з беларускімі добраахвотнікамі.

Падтрымаў ваяроў, падарыў кнігі і папіярыўся. Навошта Пазняк ездзіў да палка Каліноўскага?

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны