Кітайскі Zhejiang Chouzhou Commercial Bank паведаміў кліентам аб спыненні аперацыяў з Расеяй і Беларуссю. Пра гэта інфармуе расейскае выданне «Ведомости» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў дзелавых колах.
Прадстаўнікі банку абвесцілі кліентам аб спыненні дачыненняў з усімі расейскімі ці беларускімі арганізацыямі на мінулым тыдні, кажуць суразмоўцы «Ведомостей».
«З-за гэтага ў нас ужо сарвалася некалькі ўгодаў», – кажа ўладальнік адной з кампаніяў.
Іншы суразмоўца «Ведомостей», прадпрымальнік з расейскага Іжэўску, распавёў, што першапачаткова ў Chouzhou яго апавясцілі аб спыненні плацяжоў для вызначанага спісу тавараў, увоз якіх у Расею забаронены заходнімі санкцыямі. Але праз некалькі тыдняў прадстаўнік банку паведаміў аб поўным спыненні разлікаў з Расеяй незалежна ад прадукцыі або валюты плацяжу.
Адна з крыніцаў «Ведомостей» адзначыла, што ў дадзеным выпадку правядзенне разлікаў не залежыць ад плацежнай сістэмы – спыненыя транзакцыі не толькі з дапамогай SWIFT, але і з расейскай СПФС і кітайскай CIPS.
«Нават калі рух грошай з дапамогай нацыянальных сістэмаў не відаць амерыканцам або еўрапейцам, усё гэта наглядна адлюстравана ў справаздачнасці, якую ў банку могуць запатрабаваць заходнія контрагенты», – растлумачыў ён.
Інфармацыя аб грашовых і таварных патоках паміж Кітаем і Расеяй даступная заходнім рэгулятарам нават у тым выпадку, калі контрагенты не карыстаюцца SWIFT.
Выданне зазначае, што банкі з сяброўскіх для Крамля краінаў узмацнілі палітыку ў дачыненні расейскіх кліентаў пасля публікацыі 22 снежня 2023 года ўказу прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, якім Міністэрству фінансаў даваліся паўнамоцтвы ў спрошчаным парадку караць банкі, што парушаюць санкцыі супраць Расеі.
Банк Chouzhou быў асноўным разліковым цэнтрам для расейскіх імпарцёраў.
Глеб Нержын belsat.eu