Вайскоўцы ЗСУ назвалі асобу палоннага ўкраінскага салдата, якога пасля словаў «Слава Украіне» забілі расейскія вайскоўцы і знялі гэта на відэа. Пра гэта паведамляе камандаванне 30-й асобнай механізаванай брыгады.
Паводле папярэдніх звестак, імя загінулага – Цімафей Мікалаевіч Шадура, ён служыў у 30-й асобнай механізаванай брыгадзе. Ён лічыўся зніклым без вестак з 3 лютага 2023 года, пасля баёў у раёне гораду Бахмут, дзе ўжо больш за паўгода ідуць цяжкія баі.
«У цяперашні час цела нашага вайскоўца застаецца на часова акупаванай тэрыторыі. Канчатковае пацвярджэнне асобы будзе пасля вяртання цела і правядзення адпаведных аглядаў», – паведамляюць украінскія вайскоўцы.
Нагадаем, 6 сакавіка ў сацсетках распаўсюдзіўся відэаролік, на якім паказаная сцэна расстрэлу бяззбройнага ўкраінскага вайскоўца, які прамаўляе фразу «Слава Украіне». Пасля гэтага ў яго выпускаюць аўтаматную чаргу.
Забойства палоннага ва Украіне пракаментавалі на ўсіх узроўнях. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абяцае знайсці забойцаў, пра гэта ён заявіў у вечаровым звароце 6 сакавіка:
«Сёння з’явілася відэа, на якім відаць, як акупанты па-зверску забілі ваяра, які адважна сказаў ім у твар: «Слава Україні!» Я хачу, каб мы ўсе разам, у адзінстве адказалі на ягоныя словы: «Герою слава! Героям слава! Слава Украіне!» І мы знойдзем забойцаў».
Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба заявіў, што ўжо папрасіў пракурора Міжнароднага крымінальнага суда запусціць неадкладнае расследаванне, а кіраўнік фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе Украіны Давід Арахамія напісаў, што пасля высвятлення ўсіх абставінаў забітаму чалавеку на відэа хочуць надаць званне «Героя Украіны».
Алена Рувіна belsat.eu