У Офісе прэзідэнта Украіны пракаментавалі словы Лукашэнкі пра «тэракт» у Мачулішчах

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк пракаментаваў выказванні Лукашэнкі пра дыверсію на аэрадроме ў Мачулішчах, падчас якой быў пашкоджаны расейскі самалёт.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. Фота: president.gov.ua

У свой заяве Лукашэнка заявіў пра затрыманне нібыта тэрарыста ўкраінскіх спецслужбаў і памагатых, з ягоных словаў, датычных да дыверсіі на авіябазе ў Мачулішчах. Таксама Лукашэнка абвінаваціў у «тэракце» Украіну.

«Давайце вызначымся з дэфініцыямі. Тэракт – гэта калі з тэрыторыі Беларусі запускаюць ракеты па ўкраінскіх гарадах. Дыверсіі – гэта калі з беларускай мяжы заходзяць ДРГ. Удар па самалёце-карэкціроўшчыку А-50 – антытэрарыстычны акт, учынены, дарэчы, мясцовымі партызанамі», – напісаў Падаляк у Twitter.

На абразы Лукашэнкі ў бок украінскага прэзідэнта Падаляк ніяк не адрэагаваў.

Лукашэнка пра атаку на А-50: «Зяленскі – гніда, Польшча і Літва – поскудзь»

У Службе бяспекі Украіны адмовіліся каментаваць заявы Лукашэнкі аб нападзе на расейскі самалёт ДРЛА А-50, паведаміла выданню «Українська правда» крыніца ў СБУ.

«Служба бяспекі Украіны не мае намеру каментаваць словы чалавека, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі. Што ж тычыцца любых выпадкаў «хлапку», то пра яго мы зможам падрабязна пагаварыць пасля нашай перамогі», – прыводзіць выданне словы крыніцы ў спецслужбе.

Нагадаем, што 7 сакавіка Лукашэнка пацвердзіў атаку 26 лютага на расейскі самалёт А-50, у выніку чаго той быў пашкоджаны і вымушаны вылецець на рамонт у Расею. Пры гэтым ён таксама распавёў пра затрыманні больш як 20 асобаў, нібыта датычных да атакі.

Аднак кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» зноў заявіў, што ў Беларусі няма нікога, хто ўдзельнічаў у дыверсіі.

Кіраўнік «ByPol» растлумачыў гнеўны спіч Лукашэнкі пра А-50 незадаволенасцю Крамля

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны