Былы галоўны рабін Масквы Пінхас Гольдшміт у велікодны седэр заклікаў памятаць пра палітвязняў у Расеі і Беларусі. Аб гэтым ён напісаў у сваім Twitter.
«Эван не адзіны. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах Расеі і Беларусі» – так былы галоўны рабін Масквы Пінхас Гольдшміт пракаментаваў 7 красавіка зварот да габрэяў кіраўніка карпункта «The Wall Street Journal» на Блізкім Усходзе Шэйндзі Райса.
Райс у сваім допісе прасіў узгадаць падчас святочнай трапезы журналіста Эвана Гершкавіча, арыштаванага ў Расеі па абвінавачанні ў шпіянажы. На што юдэйскі лідар напісаў, што тых, пра каго трэба ўзгадаць у свята Вызвалення, вельмі шмат.
A worthy endeavour. However, Evan is not the only political prisoner in Russia and Byelorussia. Thousands of people are being held in prisons in Russia and Byelorussia, among them Alexei Navalny, Vladimir Kara Murza, Ilya Yashin and others, many, who are of Jewish descent. https://t.co/AzOFBemOL4
— Rabbi Pinchas Goldschmidt (@PinchasRabbi) April 2, 2023
Сам Пінхас Гольдшміт пакінуў Расію з-за ціску, які аказваўся на яго за асуджэнне расейскай агрэсіі ва Украіне.
Як паведамляў «Белсат», 30 сакавіка стала вядома, што ў Екацярынбурзе Федэральная служба бяспекі Расеі затрымала карэспандэнта «Wall Street Journal», амерыканскага грамадзяніна Эвана Гершкавіча ў межах крымінальнай справы аб шпіянажы «на заданне ЗША». Супраць амерыканскага журналіста заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу за шпіянаж. Журналісту пагражае пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі. Раней расейскія медыі паведамлялі, што Гершкавіч знік падчас паездкі ў Екацярынбург, а рэдакцыя WSJ страціла з ім сувязь. Там ён пісаў матэрыял пра тое, як у рэгіёне ставяцца да ПВК «Вагнэр», і аб вербаванні мясцовых жыхароў.
У Беларусі на момант гэтай публікацыі праваабаронцамі былі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі 1487 чалавек. Аднак па палітычна матываваных крымінальных і адміністрацыйных справах былі затрыманыя і атрымалі прысуды дзясяткі тысячаў чалавек, многіх з іх катавалі.
На гэтым тыдні юдэі свету адзначаюць свята Пейсах у памяць аб сыходзе габрэяў на чале з Майсеем з рабства ў Егіпце. Святкаванне традыцыйна суправаджаецца святочнай сямейнай вячэрай – седэрам, пад час якой у сімвалічнай форме ўспамінаецца гісторыя сыходу.
Антон Тачняк belsat.eu