19 чалавек атруціліся падчас «Гастрафэсту» ў Берасці

У Берасці падчас «Гастрафэсту» здарылася масавае атручанне амаль двух дзясяткаў чалавек. Людзі, якія спрабавалі аднолькавыя стравы ў адной з кавярняў, патрапілі ў лякарні з высокай тэмпературай і рэзкім болем у жываце. Кавярня зачыненая, ідуць праверкі.

Стравы, якія прапаноўваліся ў кавярні наведвальнікам падчас «Гастрафэсту». Фота: kobrincity.by

Атручанне перажылі тыя, хто наведваў берасцейскую кавярню «LE’MAR» з 1 па 4 траўня. Усе гэтыя асобы замаўлялі адзін і той жа сэт з чатырох страваў, які, як мяркуецца, мог стаць прычынай атручання.

Сімптомы, якія выявілі ўва ўсіх пацярпелых – рэзкі боль у жываце, павышаная тэмпература, дыярэя.

Усяго 12 чалавек трапілі ў інфекцыйныя аддзяленні Берасцейскай абласной клінічнай лякарні, яшчэ сямёра знаходзяцца на амбулаторным лячэнні ў паліклініках.

Санітарна-эапідэміялагічная служба Берасця пачала праверку кавярні, а таксама абследаванне супрацоўнікаў прадпрыемства, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. На дадзены момант установа зачыненая.

Уладальнікі кавярні апублікавалі ў «Instagram» зварот да наведвальнікаў з прабачэннямі.

«Шаноўныя госці! Мы бачым усе вашыя паведамленні і вельмі моцна перажываем за вас. Мы прыносім свае шчырыя прабачэнні, усім тым, хто пацярпеў ад дадзенай сітуацыі. У дадзены момант часу нашая каманда і супрацоўнікі Берасцейскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі займаюцца высвятленнем абставінаў здарэння і даследаваннем прадуктаў, з-за якіх магло здарыцца атручанне. Як толькі вынікі будуць гатовыя, мы вам абавязкова паведамім», – значыцца ў допісе.

Некаторыя пацярпелыя збіраюцца звяртацца ў суд, каб прыцягнуць уладальнікаў установы да адказнасці і запатрабаваць кампенсацыю.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны