Баі з мінімальнымі зменамі па фронце. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 804-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мясцовы жыхар едзе на ровары міма падраздзялення ўкраінскай арміі па барацьбе з беспілотнікамі ў напрамку Аўдзееўкі, Украіна. 6 траўня 2024 года. Фота: Francisco Seco / AP Photo / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 14 атак праціўніка за содні ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае і Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Між тым тэлеграм-канал «Два майора» піша, што Узброеныя сілы РФ расшыраюць плацдарм вакол раней занятых сёлаў Кіслоўка і Катляроўка (у Купянскім раёне на Харкаўшчыне).

Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «Рыбарь» – сцвярджае, што таксама на купянскім кірунку войскі РФ прасунуліся ў бок сяла Стэльмахаўка, заняўшы лесапаласу.

Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» фіксуе пачатак шчыльных абстрэлаў з артылерыі і РСЗА прылеглых да населенага пункту тэрыторыяў, што ўказвае на магчымую падрыхтоўку да штурмую самой Стэльмахаўкі расейскімі вайскоўцамі.

Акрамя гэтага ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра паляпшэнне становішча па пярэднім краі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Навасёлаўскае на Харкаўшчыне.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы прынамсі сем разоў атакавалі каля Неўскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне, а таксама ў ваколіцах Цернаў і Ямпалаўкі на поўначы Данецкай вобласці – так званы торскі выступ, – але поспеху не дасягнулі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На паўночным фланзе бахмуцкага кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Выемка і Раздолаўка, але зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца.

На ўсходзе кірунку актыўнасць расейцаў засяроджаная ў ваколіцах гораду Часаў Яр, а таксама каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ЗСУ працягваюць перакідаць пад Часаў Яр рэзервы, дзякуючы чаму ўдаецца стрымліваць праціўніка, а таксама атакаваць самім на ўчастках фронту ў ваколіцах сёлаў Багданаўка і Іванаўскае (на паўночным і паўднёвым флангах гораду адпаведна). Такім чынам украінскі бок намагаецца не даць войскам РФ абысці сябе і атачыць.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адзначае, што агулам пакуль расейцы ў ваколіцах гораду дзейнічаюць сіламі малых штурмавых групаў, у той жа час у тылавых раёнах ідзе сур’ёзнае назапашванне рэзерваў для далейшага правядзення больш маштабных штурмавых аперацыяў.

Іншая крыніца вайскоўцаў ЗСУ з гэтага ўчастку фронту – канал «Бахмутський Балу» – фіксуе шчыльныя ўдары па сваіх пазіцыях авіяцыяй і артылерыяй праціўніка.

Тым часам аналітыкі праекту Deepstate паведамляюць пра знішчэнне расейцамі моста цераз канал Северскі Данец – Данбас. Імаверна, такім чынам войскі РФ разлічваюць пагоршыць лагістыку ўкраінцаў з усходу ад каналу, дзе, у прыватнасці, знаходзіцца адзін з мікрараёнаў гораду Часаў Яр.

Пры гэтым аналітыкі зняпраўджваюць паведамленні асобных крыніцаў пра адыход сілаў абароны Украіны на захад ад каналу.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на аўдзееўскім кірунку, дзе яны наступаюць на захадзе ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Новапакроўскае, Сокал, Уманскае, Яснабродаўка, Няйталава і Невельскае. Паводле Генштабу ЗСУ, тут цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 31 атаку праціўніка.

Між тым у Deepstate усё ж фіксуюць прасоўванні расейцаў недалёка ад сяла Новапакроўскае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» удакладняе, што прасоўванні адбыліся з усходу ад сяла на ўчастку фронту шырынёй 900 метраў на глыбіню да 600.

Пегаў гаворыць, што таксама УС РФ рухаюцца з боку раней занятага Ачэрэтына ў бок Новааляксандраўкі.

Разам з тым ваенкор адзначае, што каля Бэрдычаў, Сямёнаўкі, Уманскага, а таксама ў сяле Няйталава баі маюць сустрэчы характар, што сведчыць пра намер ЗСУ адкінуць праціўніка з раней занятых пазіцыяў.

На навапаўлаўскім кірунку працягваюцца цяжкія баі ў Краснагораўцы. Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што праціўнік знішчае мясцовы цагельны завод авіяцыйнымі бомбамі, адначасова з гэтым ажыццяўляецца масіраваны абстрэл артылерыяй паўночнай і цэнтральнай частак гораду. Такім чынам войскі РФ намагаюцца зруйнаваць усе прыдатныя для абароны будынкі ў горадзе, каб у выніку вымусіць сілы абароны Украіны адысці на іншыя пазіцыі.

Далей на поўдзень па лініі сутыкнення расейцы атакуюць у ваколіцах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Парасковіеўка, Вадзяное, але істотных зменаў не фіксуецца.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) каля населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але за апошнія содні зменаў па лініі сутыкнення не адбылося.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы ціснуць на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў. Канал «Два майора» піша пра баі ў сяле Работына і на паўночным усходзе ад суседняга сяла Вэрбовае, у выніку якіх УС РФ занялі адзін з апорных пунктаў украінцаў.

У Херсонскай вобласці, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ тройчы атакавалі плацдармы ЗСУ на левым беразе Дняпра, але поспеху не мелі.

«Рыбарь» піша, што самыя Збройныя сілы намагаюцца замацоўвацца на новых участках левабярэжжа. Так, некалькімі днямі раней яны высадзілі дэсант на астравах з паўночнага ўсходу ад Казачых Лагераў, але ў выніку былі вымушаныя адысці пад агнём праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату