Пайшоў з жыцця беларускі мастак-авангардыст Васіль Пачыцкі

На 58-м годзе жыцця памёр беларускі мастак і музыка Васіль Пачыцкі, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкаю на ягоных сяброў. Прычына смерці не ўдакладняецца.

Васіль Пачыцкі. Крыніца: Еўрарадыё

Васіль Пачыцкі – мастак-авангардыст, музыка, лідар гурта «Перабор». Нарадзіўся ў Рэчыцы ў 1967 годзе. Меў творчы псеўданім доктар Кляйн. У 1999 годзе адбылася першая персанальная выстава мастака, «Гербарый доктара Кляйна», у 2000 годзе – другая, «Магічнае вока доктара Кляйна».

У 2001 годзе Васіль браў удзел у міжнароднай выставе сучаснага мастацтва «Чорны вецер – белая зямля» ў штаб-кватэры сучаснага мастацтва ААН у Нью-Ёрку. Гэтая выстава потым экспанавалася ў Швейцарыі, Японіі ды Ірландыі. У 2002 годзе Белпошта выпусціла паштовы канверт з рэпрадукцыяй карціны мастака «Паганятыя смаўжоў».

Да апошняга часу Пачыцкі жыў у Беларусі. Васіль – аўтар карыкатуры з зайцамі, якая друкавалася ў «БелГазеце», і канцэптаў для кліпу «Ляпісаў» «Ластаўкі». Працы мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях і музеях Беларусі, Расеі, Францыі, ЗША, Ірландыі.

Расейскі часопіс «Rolling Stone» называў Пачыцкага адным з найлепшых мастакоў Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны