Шольц: каля 90 % даходаў ад замарожаных актываў Расеі пойдуць на ваенныя патрэбы Украіны

Краіны Еўразвязу дасягнулі кансэнсусу ў пытанні выкарыстання прыбыткаў ад замарожаных актываў Расеі. Пра гэта канцлер Нямеччыны Оляф Шольц паведаміў падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрамі Латвіі, Эстоніі і Літвы, якая адбылася 6 траўня ў Рызе.

Федэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. 2017 год. Фота: bundesfinanzministerium.de

Было пастаноўлена, што каля 90 % прыбыткаў ад замарожаных расейскіх актываў будуць накіраваныя на ваенныя патрэбы Украіны.

«У нас у Еўропе ёсць кансэнсус наконт таго, што мы хочам выкарыстоўваць непрадбачаны прыбытак ад расейскіх замарожаных актываў. Гэта значная сума, якая складае некалькі мільярдаў на год. Мы таксама прыйшлі да пагаднення, якое цяпер фіналізуецца, аб тым, што мы хочам выкарыстоўваць каля 90 % гэтых сродкаў для абаронных мэтаў Украіны», – сказаў Оляф Шольц.

Украіна зможа выкарыстаць сродкі для закупкі зброі не толькі ў ЕЗ, але і па ўсім свеце.

У сакавіку кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЕЗ Жузэп Бурэль прапанаваў накіраваць 90 % прыбыткаў ад расейскіх актываў, замарожаных у Еўропе, у фонд Еўразвязу, што фінансуе вайсковую дапамогу Украіне.

Паводле «Reuters», каля 70 % усіх расейскіх актываў, сканцэнтраваных на Захадзе (каштоўных папераў і грашовых сродкаў расейскага Цэнтрабанку на 190 мільярдаў еўраў), захоўваюцца ў цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папераў «Euroclear» у Бельгіі.

Канчатковая пастанова аб выкарыстанні прыбытку з расейскіх актываў павінна быць прынятая на саміце Групы сямі ў Італіі ў чэрвені сёлета.

У «Reuters» патлумачылі, дзе Украіне ўзяць сродкі для вайны: іх хопіць да 2028 года

ЗША, Еўразвяз і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў на суму каля 300 мільярдаў долараў пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Пазней Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект аб канфіскацыі расейскіх актываў для Украіны. Вядома, што ў межах гэтай працэдуры Украіна можа атрымаць каля 8 мільярдаў долараў.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Рызе Шольц таксама казаў пра дапамогу Нямеччыны ў паветранай абароне Эстоніі і Латвіі ды размяшчэнне нямецкай брыгады ў Літве.

«Сёння раніцай па дарозе я яшчэ раз паглядзеў на сітуацыю ў Літве і наведаў там нашыя войскі. Гэтае нашае абавязанне паказвае, наколькі Нямеччына поўная рашучасці абараніць тэрыторыю Альянсу ад любой агрэсіі. […] Амаль трыццаць пяць тысяч нямецкіх салдатаў гатовыя забяспечыць нашым саюзнікам хуткае падтрыманне ў надзвычайнай сітуацыі», – заявіў канцлер Нямеччыны.

Оляф Шольц падкрэсліў, што Еўразвяз мусіць павышаць уласную бяспеку, дзеля чаго трэба пашыраць магутнасці еўрапейскай абароннай прамысловасці і вырабляць больш зброі, а краіны ЕЗ павінны паглыбляць супрацу ў галіне ўзбраення.

Замарожаныя расейскія актывы: ці наважыцца Захад аддаць грошы Украіне?

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны