У Баранавічах – чарговы масавы суд за пратэсты 2020 года

У судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 7 траўня 2024 года пачаўся чарговы суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Абвінавачаныя – адразу восем чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

У Баранавічах за ўдзел у пратэстах 2020 года судзяць адразу восем чалавек. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Справу разглядае Вікторыя Пакунова. Абвінавачаныя: Канстанцін Каляг, Эрык Каласоўскі, Іван Пацко, Аляксандр Лаўрушчык, Іван Дрык, Павел Сергіеня, Дзмітрый Філіповіч і Арцём Лапіч. Ім інкрымінуюць актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ).

Вядома, што некаторых затрымалі падчас хапуноў. Гэтак, напрыканцы снежня 2023 года быў затрыманы Іван Дрык, якому на момант удзелу ў акцыях пратэсту не было 18 гадоў.

На Берасцейшчыне дагэтуль працягваюцца масавыя затрыманні і суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. За апошні месяц вынеслі прысуды паводле «народнага» артыкулу ўжо 17 жыхарам Баранавічаў.

Новая аблава сілавікоў. Цяпер – у Баранавічах

Пра аблаву ў Баранавічах 29 красавіка паведаміў адзін з тэлеграм-каналаў сілавікоў. У відэароліку фігуравалі пяць асобаў, якія былі затрыманыя нібыта за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Ім спрабавалі інкрымінаваць арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Напярэдадні сілавікі паведамілі пра затрыманні ў Лідзе. Прагучала, што аблава ў Лідзе праводзілася 26 красавіка. Мяркуючы з назвы роліку пра Баранавічы, там затрыманні таксама прайшлі ў гэты дзень.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны