Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 8 «Блок Пракоп’ева-Ягорава»

«Белсат» працягвае адмысловы праект з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У яго межах мы знаёмім выбарцаў са спісамі, якія балатуюцца ў КР. Кожны з іх атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Удзельнікі спісу «Блок Пракоп’ева-Ягорава». Калаж прадстаўлены рэдакцыі

На гэты раз мы прадстаўляем спіс «Блок Пракоп’ева-Ягорава». Гэта адзін з трох найбуйнейшых спісаў на гэтых выбарах – у ім 34 асобы. Лідарамі блоку з’яўляюцца адпаведна публіцыст і бізнесовец Вадзім Пракоп’еў і дзейны старшыня Каардынацыйнай рады, палітолаг Андрэй Ягораў. Таксама ў склад спіс увайшлі прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, прэс-сакратарка прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны Ліза Кохман, актывістка, сястра Марыны Калеснікавай Таццяна Хоміч, намеснік прадстаўніка АПК, лекар Станіслаў Салавей, былыя добраахвотнікі ў складзе ЗСУ Аляксандр Кушнераў, Васіль Верамейчык, Віктар Мароз і Андрэй Судзілоўскі ды іншыя. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар «Блок Пракоп’ева-Ягорава» ў выбарчым бюлетэні – 8.

Што нам адказалі ў «Блоку Пракоп’ева-Ягорава»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння?

Спыненне гвалту ў краіне.

Захаванне незалежнасці.

Аднаўленне народаўладдзя.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць?

Адсутнасць моцнага палітычнага цэнтру, здольнага ўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі і на палітыку заходніх краін у дачыненні да беларусаў.

Праца на раз’яднанне замест кансалідацыі намаганняў.

Адсутнасць незалежнага фінансавання, што цягне за сабой прадстаўленне інтарэсаў донараў, а не беларусаў.

3. Кім для Вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Па-першае, ён дыктатар, які трымае ўладу насуперак волі народу. Па-другое, ён злачынца і мусіць быць асуджаны справядлівым судом.

4. Кім для Вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Кандыдат, які набраў большасць галасоў на выбарах у 2020 годзе. Сімвал народнага волевыяўлення ў 2020 годзе.

5. Ці падтрымліваеце Вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні да рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці наадварот варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Мы супраць санкцыяў толькі дзеля санкцыяў. Яны патрэбныя толькі для таго, каб прымусіць Лукашэнку да дзеянняў на карысць беларускага народу. Таму тыя санкцыі, якія выконваюць гэтую задачу, павінны быць узмоцненыя, а тыя, якія толькі ўскладняюць жыццё беларусам, а не спрашчаюць яго, павінны быць адмененыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі пікету каля польска-беларускай мяжы пераязджаюць на новае месца пікету. Людзі заклікаюць ЕЗ хутчэй прыняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а ўлады Беларусі – вызваліць палітвязняў і адкрыць наземныя мяжы для вольнага перамяшчэння грамадзянаў. Баброўнікі, Польшча. 5 чэрвеня 2021 года. Фота: Белсат

6. Ці падтрымліваеце Вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Мы прызнаем права любога народу на паўстанне, якое было сфармулявана яшчэ ў Старажытнай Грэцыі. Разам з гэтым не лічым, што гэты сцэнарый рэалістычны для Беларусі на бягучым гістарычным этапе. Чыста ваеннага вырашэння пытання пра ўладу ў Беларусі не існуе, бо яго не падтрымліваюць самі беларусы, таму з нашага пункту гледжання трэба канцэнтравацца на больш рэалістычных рэчах.

7. Як Вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Пазітыўна. Але пасля вяртання дэмакратыі такія пытанні мусіць вырашаць сам беларускі народ у адкрытым галасаванні. У бягучы момант у кантэксце выбараў у Каардынацыйную Раду лічым дадзеную тэму неактуальнай, бо ў дэмсілаў няма ніводнага рычага, каб якім-небудзь чынам садзейнічаць такой інтэграцыі.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Для таго каб вярнуць усю паўнату ўлады беларускаму народу, нам неабходна выйсці з усіх палітычных дамоваў, якія абмяжоўваюць суверэннасць нашай дзяржавы, або істотна перагледзець іх, каб забяспечыць суверэннасць палітычных рашэнняў беларускага ўрада.

У першую чаргу размова ідзе аб АДКБ, які і так ужо дыхае на ладан, а таксама аб Дагаворы аб стварэнні саюзнай дзяржавы. У адносінах да эканамічных пагадненняў неабходна ўважліва глядзець на суадносіны карысці і шкоды для беларускага народу.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Дзяржаўнай мовай павінна быць мова тытульнай нацыі – беларуская. Расейская павінна атрымаць статус афіцыйнай і выкарыстоўвацца ў дзяржаўных установах разам з асноўнай (беларускай). Гэтае рашэнне добра працуе ў Казахстане.

Беларуская мова, у адпаведнасці са сваім найбольш высокім статусам, павінна атрымаць максімальную падтрымку з боку дзяржавы.

10. Ці падтрымліваеце Вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Так, падтрымліваем. Мы падтрымліваем разумную дэкамунізацыю, то бок, адмову ад тых помнікаў і назваў, якія не маюць ніякай сувязі з гісторыяй Беларусі і былі ўведзеныя ў абарот выключна ў прапагандысцкіх мэтах. Нельга забываць пра тое, што ў савецкі час, таксама як і ў любы іншы, жыло і працавала на карысць нацыі мноства таленавітых беларусаў. Аб гэтых людзях і іх спадчыне трэба памятаць. Да гэтага гурта можна аднесці, напрыклад, Жылуновіча, Машэрава, вялікую групу беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Чыста прапагандысцкімі можна лічыць увекавечванне імёнаў Кнорына, Мяснікова, Леніна/Ульянава.

11. Ці лічыце Вы важнымі падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Беларусь – свецкая дзяржава і рэлігія мусіць заставацца па-за палітыкай. Пры тым хрысціянства – традыцыйная рэлігія беларусаў і дзяржава мусіць спрыяць падтрыманню нацыянальных каштоўнасцяў і традыцый.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Царква Святых Жонак-Міраносіц. Баранавічы, Беларусь. 9 кастрычніка 2021 года. Фота: Белсат

12. Ці падтрымліваеце Вы пашырэнне гендарных квотаў, а ўвядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Правы меншасцяў мусяць быць абароненыя, жанчыны маюць роўныя правы з мужчынамі і мы мусім імкнуцца да сапраўднай гендарнай роўнасці. Гендарныя квоты – спрэчны механізм, у адных сферах гэта можа дапамагчы паляпшэнню сітуацыі, а ў іншых – не.

13. Якое стаўленне Вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Усе меншасці мусяць мець роўныя правы, дыскрымінацыя паводле прыкметы полу, нацыянальнасці, этнічнасці, сексуальнай арыентацыі, інваліднасці – не дапушчальная.

14. Ці лічыце Вы неабходнай прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Дзяржаўны сектар мусіць быць роўным у правах з прыватным. Прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў – магчымая, але гэта паступовы крок. Спачатку трэба ўводзіць карпаратыўнае кіраванне, дазволіць прадпрыемствам быць свабоднымі ад адміністратыўнага ўмяшальніцтва дзяржавы, правесці ацэнку і санацыю такіх прадпрыемстваў. Калі мы будзем ведаць які рэальны фінансавы стан такіх прадпрыемстваў, для кожнага з іх можна будзе стварыць сваю стратэгію развіцця – інвестыцыі ці частковая прыватызацыя інвестарам, альбо продаж прадпрыемства прыватным інвестарам цалкам, альбо захаванне ў дзяржаўнай уласнасці.

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Беларусы заўсёды адрозніваліся высокім узроўнем салідарнасці. Салідарнасць мае на ўвазе актыўную грамадскую падтрымку слабым, уразлівым, немаёмным. Гэты прынцып у беларусаў у крыві, таму падтрымку шматдзетным дзецям, семʼям з дзецьмі з інваліднасцю, маламаёмасным скарачаць нельга, аднак нам трэба навучыцца не проста забяспечваць сацыяльную падтрымку «на паперы», як цяпер, а зрабіць сацыяльную дапамогу больш адраснай, гнуткай, прадуманай. Цяпер «сацыяльная дзяржава ў Беларусі» – гэта міф. Па ўзроўні дзяржаўных сацыяльных выдаткаў (у працэнтах ад дзяржбюджэту) беларуская дзяржава нічым не адрозніваецца ад краін-суседзяў. У некаторых выпадках сацыяльная падтрымка існуе толькі на паперы, напрыклад, на дапамогу па беспрацоўі ў Беларусі пражыць нельга, яно нібыта ёсць, але яго няма.

16. Ці падтрымліваеце Вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, а легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Так, амністыя мусіць быць. Дэкрыміналізацыя ўжывання паводле медычных паказанняў – так, але не поўная легалізацыя канабісу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 16 ліпеня 2020 года дзве актывісткі руху «Маці 328» пачалі галадоўку. Жанчыны змагаюцца за справядлівыя прысуды і змяншэнне тэрмінаў зняволення паводле вядомага «наркатычнага» артыкулу № 328 Крымінальнага кодэксу. На месца галадоўкі ўжо некалькі разоў прыязджалі з ператрусамі. Пухавіцкі раён, Беларусь. 16 ліпеня 2020 года. Фота: Цімур Котаў / Белсат

17. Ці лічыце Вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні да якіх групаў?

Мы супраць павальнай люстрацыі ў адносінах да групаў. Адказнасць не можа быць калектыўнай, а толькі індывідуальнай. У нас ёсць праект, які дазваляе гэта зрабіць.

18. Ці з’яўляецца Беларусь саўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Беларускі ўрад несумненна зʼяўляецца саўдзельнікам вайны ва Украіне. Гэта было ўсвядомленае рашэнне Лукашэнкі. Аднак гэты ўрад не меў мандата народнага даверу, не прадстаўляе і не выказвае інтарэсы беларускага народу.

19. Ці падтрымліваеце Вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Мы вітаем любыя кантакты, якія могуць дапамагчы дасягненню нашых мэтаў, аднак супраць размоваў і паездак, якія не прыносяць нічога, акрамя загалоўка ў СМІ.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Мы выступаем за гістарычныя сімвалы. Сцяг – бел-чырвона-белы. Герб – «Пагоня». Гімн – ёсць некалькі добрых варыянтаў. Галоўнае – гэтае пытанне нельга вырашаць без усенароднага абмеркавання.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 па 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны