Затрыманне за 1200 абразаў у адрас сілавікоў і Лукашэнкі

«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі, якія ўжо каторы год без перапынку чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Здымак мае илюстрацыйны характар. Фота: boets-shop.ru

Сілавікі з ГУБАЗіК пахваліліся ў тэлеграме, што завялі крымінальную справу за перапост з «экстрэмісцкага» рэсурсу паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Журналістам «Нашай Нівы» ўдалося высветліць, што гаворка ідзе пра 38-гадовага жыхара Горадні Дзяніса Чашчэвіка, супраць якога было распачата спецыяльнае вядзенне яшчэ 2 красавіка. Сам Дзяніс знаходзіцца за мяжой.

У судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 7 траўня 2024 года пачаўся чарговы суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Абвінавачаныя – адразу восем чалавек: Канстанцін Каляг, Эрык Каласоўскі, Іван Пацко, Аляксандр Лаўрушчык, Іван Дрык, Павел Сергіеня, Дзмітрый Філіповіч і Арцём Лапіч. Ім інкрымінуюць актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ).

У Менску судзяць 39-гадовую Наталлю Крук, якая адмовілася адказваць на пытанні Азаронка. Жанчыне інкрымінаваныя ч. 1 арт. 342 КК («Удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»). Наталля ў пачатку жніўня 2023 года вярнулася ў Беларусь з Польшчы, дзе спрабавала займацца бізнесам.

У тэлеграме сілавікоў з’явілася «пакаяльнае відэа» затрыманай у Заслаўі асістэнткай стаматолага. Жанчына кажа, што публікавала «абразы супрацоўнікаў міліцыі» і чыноўнікаў, рабіла рэпосты, а таксама пакідала негатыўныя каментары. У відэа таксама сцвярджаецца, што затрыманая распаўсюджвала фота з нацысцкай сімволікай.

Сілавікі затрымалі дальнабойніка Дзмітрыя Сончыка. У «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што з 2020 года быў падпісаны на некаторыя «дэструктыўныя» каналы і ў суме пакінуў каля 1200 каментароў, якія ўтрымлівалі абразы ў адрас сілавікоў і Лукашэнкі.

18 красавіка ў судзе ў судзе Ленінскага раёна Горадні агучылі прысуд Андрэю Томчыку, якога прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп у адрас Лукашэнкі). Згодна з матэрыяламі справы, Андрэй размясціў на «Facebook» допіс, які нібыта зневажаў гонар і годнасць Лукашэнкі. Судовая экспертыза засведчыла, што ў публікацыі прысутнічалі «лексемы, якія ўтрымлівалі мянушкавыя намінацыі» Лукашэнкі. Мужчыну далі два гады «хіміі».

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны