Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 10 «Хопіць баяцца»

«Белсат» пачынае серыю публікацыяў з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Мы знаёмім выбарнікаў са спісамі, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожны з лідараў выбарчых спісаў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Блогерка і стваральніца суполкі «Хопіць баяцца» Таццяна Мартынава. Крыніца: malanka.media

Першымі свае адказы даслаў спіс «Хопіць баяцца» на чале з блогеркай і стваральніцай аднайменнай суполкі Таццянай Мартынавай. У спіс разам з ёю ўваходзяць 14 асобаў. Напрыклад, каардынатар «Народных амбасадаў» Міхаіл Рубін, былы тэле- і радыёвядоўца, блогер Іван Падрэз, былая адвакатка Вольга Карпушонак, прафсаюзныя актывісты, стачкамаўцы Ірына Лучыновіч і Аляксей Маліноўскі. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар «Хопіць баяцца» ў выбарчым бюлетэні – 10.

Што нам адказалі ў «Хопіць баяцца»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Першы выклік – залежнасць ад Расеі: эканамічная, палітычная, вайсковая, інфармацыйная, ментальная. І дзеля захавання незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны гэта трэба змяніць.

Другі – неразуменне, што разварот у бок нашых суседзяў – Еўропы і Украіны – зробіць Беларусь стабільнейшай, мацнейшай, бяспечнейшай і багацейшай. Гэта тое, пра што трэба казаць, што трэба тлумачыць.

Трэці – адсутнасць палітычных элітаў і, у прынцыпе, палітычнай культуры ў грамадстве, што абумоўлена цяжкай спадчынай СССР і 30 гадамі аб’юзу з боку рэжыму Лукашэнкі. Час гэта стварыць, і дзеля гэтага мы ідзем на выбары ў Каардынацыйную раду.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

Палітычнае поле ўнутры Беларусі зачышчанае, і ў людзей, здольных на рэальныя дзеянні, скаваныя рукі. Лукашэнка разумее толькі мову сілы, а значыць, вонкавы ціск – адзіны шлях да змены сітуацыі. Да таго часу мы – голас тых, хто сёння не можа свабодна гаварыць з турмаў і канцлагеру.

Агрэсіўнае расейскае інфармацыйнае поле ўнутры краіны, ліквідацыя ўсіх не прарасейскіх крыніцаў інфармацыі. Еўропа павінна быць уцягнутая ў падтрыманне праеўрапейскіх беларускіх медыяў, як Расея – у падтрыманне прарасейскіх.

Адсутнасць практыкі дэмакратыі. Першы абраны на сумленных выбарах склад Каардынацыйнай рады – першы крок да развязання гэтай праблемы.

3. Кім для Вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Узурпатар, ваенны злачынец – як у рамках заканадаўства Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднага права.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні на маршы ў Менску, Беларусь. 27 верасня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Артыкул 357 частка 3 Крымінальнага Кодэксу РБ – захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, якія выклікалі гібель людзей, – прадугледжвае пакаранне аж да смяротнай кары. Пасля ўвядзення мараторыю на пакаранне смерцю – да пажыццёвага зняволення.

Артыкул 8 Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда – незаконная дэпартацыя насельніцтва. Пакаранне – да 30 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

І гэта – толькі пачатак, бо яшчэ ёсць злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

4. Кім для Вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Законна абраны прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

5. Ці падтрымліваеце Вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Ніякага гандлю палітвязнямі. Вызваліць неабходна ўсіх. Лукашэнка разумее толькі мову сілы. Таму санкцыйны ціск на рэжым павінен павялічвацца, а за захаваннем ціску патрэбны найстражэйшы кантроль. Больш за тое, дадатковыя санкцыі павінны закрыць тыя дзіркі, якімі карыстаюцца рэжымы Лукашэнкі і Пуціна для абыходу санкцыяў.

6. Ці падтрымліваеце Вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Так, бо, на жаль, мірным шляхам дыктатары ўладу не аддаюць. Мы ў гэтым упэўніліся ў 2020 годзе. Пытанне ў неабходных кроках, каб пазбегчы ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.

7. Як Вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і NATO?

Нейтралітэт Беларусі – гэта ілюзія, якой беларусаў кармілі шмат гадоў. Паглядзіце, чым скончыўся нейтралітэт Украіны. Таму перад Беларуссю толькі два шляхі: ці NATO і Еўразвяз, ці АДКБ і Кітай. Мы абіраем шлях у Еўропу і цывілізацыю.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Выхад з усіх «саюзаў» з Расеяй. Дзяржаўная мяжа. Візавы рэжым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Расеі ў Менску, Беларусь. 12 чэрвеня 2021 года. Фота: Белсат

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Гэтае пытанне павінны вырашаць беларусы на нацыянальным рэферэндуме.

10. Ці падтрымліваеце Вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Дэкамунізацыя – абавязковая ўмова аздараўлення беларускага грамадства. Як мы гэта будзем рабіць – варыянтаў шмат, будзем вырашаць пасля перамогі. Павінна быць створаная камісія для перайменавання і вяртання гістарычнай спадчыны.

11. Ці лічыце Вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

На жаль, паняцце «традыцыйных» і нават хрысціянскіх каштоўнасцяў катастрафічна дэвальваванае расейскай прапагандай: яны сцвярджаюць, што нават украінскія гарады бамбуюцца «дзеля падтрымання традыцыйных каштоўнасцяў».

Беларусь – свецкая дзяржава. Сапраўдныя, блізкія беларусам каштоўнасці, незалежна ад веравызнання, павінны быць прапісаныя ў Канстытуцыі і Крымінальным кодэксе. Далей – вяршэнства права і роўнасць усіх перад законам.

12. Ці падтрымліваеце Вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Мы як адзіны спіс, у якім роўная колькасць мужчынаў і жанчын, за поўную роўнасць магчымасцяў, незалежна ад полу, нацыянальнасці, веравызнання ці гендару. Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны быць роўнымі перад законам, у сваіх правах і магчымасцях.

13. Якое стаўленне Вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Мы не вылучаем і не падзяляем людзей паводле гендару і/ці сексуальнай арыентацыі. Аднак мы падтрымліваем усе групы людзей, правы якіх ушчэмленыя, у барацьбе за роўныя правы для ўсіх.

14. Ці лічыце Вы неабходнай прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Так, але з улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі і яе грамадзянаў.

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Спачатку неабходна правесці рэвізію бюджэту, ацаніць магчымасці дапамагаць і колькасць тых, хто мае патрэбу ў гэтай дапамозе. Гэта пытанне лічбаў і будучыні, цяпер казаць пра гэта – будаваць паветраныя замкі. Прынцыпова – сацыяльная падтрымка павінна быць захаваная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Парк Чалюскінцаў. Менск, Беларусь. 21 кастрычніка 2021 года. Фота: Белсат

16. Ці падтрымліваеце Вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Мы падтрымліваем легалізацыю медычнага канабісу і дэкрыміналізацыю марыхуаны ў прынцыпе. Што да легалізацыі іншых наркотыкаў і амністыі паводле арт. 328 КК – гэтае пытанне патрабуе ўважлівага вывучэння, з прыцягненнем экспертаў і грамадскасці. Для недапушчэння перагрузкі судовай сістэмы лічым неабходным ужыванне амністыі паводле ч. 1 арт. 328 КК і перагляд усіх іншых справаў справядлівым і незалежным судом.

17. Ці лічыце Вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Люстрацыя неабходная, бо злачынства без пакарання цягне за сабой яшчэ большыя злачынствы. Распрацоўка Закону аб люстрацыі – важная частка працы, якую Каардынацыйная рада павінна зрабіць у новую кадэнцыю.

Тых, хто здзяйсняў злачынствы супраць беларускага народу, немагчыма вызначыць якімі-небудзь групамі ці катэгорыямі насельніцтва, а ступень віны кожнага, уключаючы меру пакарання, павінен вызначыць незалежны суд, згодна з распрацаваным законам.

18. Ці ёсць Беларусь саўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Рэжым Лукашэнкі ёсць саўдзельнікам у вайне супраць Украіны.

19. Ці падтрымліваеце Вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Мы за кантакты з усімі рухамі і сіламі супраць дыктатарскіх і недэмакратычных рэжымаў пры ўмове дакладнай і зразумелай пазіцыі наконт незалежнасці і суверэнітэту Беларусі і права Беларусі на самастойнае вызначэнне як унутранай, так і вонкавай палітыкі.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Сённяшнія дзяржаўныя сімвалы былі навязаныя Беларусі падчас незаконнага рэферэндуму, гэты сцяг, герб і гімн – сімвалы мінулага, а цяпер і захопу ўлады рэжымам Лукашэнкі, і саўдзелу ў агрэсіі супраць суседняй суверэннай дзяржавы. Мы выступаем за нашыя нацыянальныя сімвалы. Што тычыцца выбару гімну, то роўна як і выбар герба і сцяга ў якасці дзяржаўнага – гэты выбар павінен зрабіць беларускі народ на рэферэндуме.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны