Кіраўнік парламенцкай групы па сітуацыі ў Беларусі ў Парламенце Францыі Фрэдэрык Пэці звярнуўся ў Французскую акадэмію з просьбай змяніць назву Беларусі з Biélorussie на Bélarus.
Цяперашняя назва Biélorussie – гэта пераклад расейскай назвы «Белоруссия». Беларускія дэмакратычныя сілы і беларусы Францыі раней звярталі на гэта ўвагу і выступалі з просьбай пачаць называць нашую краіну Bélarus.
Фрэдэрык Пэці звярнуўся ў Французскую акадэмію, бо менавіта гэтая навуковая ўстанова займаецца вывучэннем французскай мовы і рэгуляваннем яе нормаў.
Паводле дэпутата, гістарычныя і сімвалічныя наступствы змены назвы нашай краіны на Bélarus «сягаюць далёка па-за рамкі проста лінгвістычнай спрэчкі».
«Тэрмін Bélarus фактычна звязвае гэтую краіну з еўрапейскай традыцыяй, Кіеўскай Руссю, Вялікім Княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай, у адрозненні ад тэрміну Biélorussie, «Белая Расея», які адносіцца да перыядаў яе ўваходжання ў імперыю Масквы (Рускае царства, Расейскую імперыю, Савецкі Саюз… ), калі яна была перыферыйным рэгіёнам», – зазначыў дэпутат у сваім акаўнце ў Х.
J’ai écrit à Amin Maalouf, Secrétaire perpétuel de l’Académie française 🇫🇷, afin que cette institution change sa recommandation officielle sur l’usage du terme #Biélorussie au bénéfice du terme #Bélarus.
Les enjeux historiques et symboliques de l’emploi du terme Bélarus et non… pic.twitter.com/fgpaVzdU2g
— Frédéric Petit 🇺🇦 (@fpetitAN) June 5, 2024
Паводле Пэці, назва Biélorussie стварае ўяўленне, нібыта Беларусь – адзін з рэгіёнаў сярод іншых суб’ектаў Расейскай Федэрацыі.
«Акрамя важнага сімвала супраціву расейскаму імперыялізму, мне здаецца слушным, што французская мова дапамагае нам палепшыць уяўленне і погляд на гэтую краіну», – падкрэсліў дэпутат французскага парламенту.
У 2019 годзе нашую краіну сталі называць Belarus у Швецыі (раней – Vitryssland), у 2021 годзе – у Даніі (раней – Hviderusland), у 2022-м – у Нарвегіі (раней – Hviterussland) і Нямеччыне (раней – Weißrussland).
У 2021 годзе пытанне аб змяненні назвы Беларусі абмяркоўвалася ў Літве, аднак пакуль яна так і засталася Baltarusija.
Марыя Міхалевіч belsat.eu