Разбор сітуацыі на ўсім фронце. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 835-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаўнер 58-й матарызаванай брыгады ЗСУ распакоўвае тэхніку каля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 9 красавіка 2024 года. Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на двух участках фронту: на поўнач ад буйнога сяла Лыпці і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна). Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што, нягледзячы на высокую інтэнсіўнасць баёў, істотных зменаў на лініі сутыкнення не адзначаецца.

У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што акрамя гэтага Узброеныя сілы РФ атакавалі на яшчэ адным участку фронту ў Харкаўскім раёне – каля сяла Зялёнае – і занялі панавальныя вышыні ў лясным масіве на захад ад населенага пункту.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў на купянскім кірунку сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае, Дружэлюбаўка і Грыгораўка. Стратаў пазіцыяў не адбылося.

Тым часам аналітыкі праекту «Deepstate» фіксуюць захоп расейцамі сяла Іванаўка ў Купянскім раёне, пра заняцце якога яшчэ 27 траўня заяўлялі ў Міністэрстве абароны РФ.

Канал «Два майора» ўдакладняе, што цяпер войскі РФ замацаваліся на ўчастку на поўнач ад населенага пункту шырынёю да двух кіламетраў і глыбінёю каля аднаго.

На суседнім, ліманскім кірунку наступальныя дзеянні расейцаў назіраюцца на левым беразе ракі Жарабец у Данецкай вобласці каля сёлаў Новасадовае, Тэрны, Торскае і Ямпаль, а таксама на тэрыторыі Сэрэбранскага лясніцтва на Луганшчыне. Тут лінія фронту застаецца нязменнаю.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях на поўдзень ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе Узброеныя сілы РФ цягам содняў намагаліся прарваць абарону ўкраінцаў каля населеных пунктаў Белагораўка і Верхнякаменскае, але поспеху не дасягнулі.

На краматорскім кірунку расейцы атакуюць каля сёлаў Калінаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка, а таксама штурмуюць усходнюю частку гораду Часаў Яр. У Генштабе ЗСУ адзначаюць, што сітуацыя застаецца напружанаю.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што пры гэтым вайскоўцам ЗСУ ўдалося выявіць маршрут праціўніка да Часавага Яру з поўдня: тут войскам РФ працяглы час удавалася незаўважна выходзіць з ляснога масіву каля Іванаўскага і рухацца ўздоўж надземнай часткі – вялізнай трубы – каналу Сівэрскі Данец – Данбас. Імаверна, цяпер лагістыка для расейцаў на гэтым участку фронту зробіцца больш праблематычнай.

Выданне «BILD» паведамляе, што Збройныя сілы Украіны контратакавалі на поўначы ад гораду і вярнулі пад свой кантроль сяло Калінаўка. Адпаведна, тэрыторыя вакол каналу на паўночным флангу зноў за ўкраінцамі.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку баявыя дзеянні ідуць шырокім фронтам на захадзе ад гораду Аўдзееўка.

Генштаб ЗСУ фіксуе шэраг безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Новааляксандраўка, Яўгенаўка, Сокіл і Яснабродаўка.

Пегаў гаворыць, што расейцы ціснуць таксама каля Карлаўкі, канал «Два майора» паведамляе пра наступ на поўнач ад Уманскага. Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» – сцвярджае, што на апошнім участку УС РФ прарвалі абарону ўкраінцаў і прасунуліся да паўднёвых участкаў Навасёлаўкі Першай.

На курахаўскім кірунку працягваюцца вулічныя баі ў Краснагораўцы, але лінія сутыкнення застаецца без зменаў. Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» мяркуе, што ЗСУ ўдалося стабілізаваць гэты ўчастак коштам ужывання FPV-дронаў і дыстанцыйнага мініравання мясцовасці.

Яшчэ адна праўкраінская крыніца – «Офіцер» – піша, што сітуацыя стабільная і ніжэй на фронце, у сяле Георгіеўка: тут расейцы па-ранейшаму кантралююць усходнюю частку, але прасоўвацца далей не спрабуюць. Акрамя гэтага, у войскаў РФ назіраюцца істотныя праблемы з забеспячэннем і перакідваннем свежых сілаў, бо дарога да сяла з Мар’інкі цалкам прастрэльваецца артылерыяй і БпЛА ЗСУ.

Далей на поўдзень актыўнасць Узброеных сілаў РФ лакалізуецца ў ваколіцах сёлаў Касцянтынаўка і Парасковіеўка. У Мінабароны РФ заявілі, што апошні населены пункт быў заняты іхнымі вайскоўцамі цягам апошняга тыдня, аднак праўкраінскія крыніцы пакуль не пацвярджаюць гэтай інфармацыі.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) расейскія вайскоўцы штурмуюць поўнач сяла Старамаёрскае і паўднёвыя ўскрайкі суседняга Уражайнага – пакуль без істотных поспехаў.

Адсутнічаюць змены і ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, дзе УС РФ наступаюць у ваколіцах гораду Арэхаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату