Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 7 ліпеня

Кожны дзень у Беларусі адбываюцца затрыманні, а суды выносяць палітычна матываваныя прысуды. «Белсат» прыводзіць агляд хронікі рэпрэсіяў за чацвер, 7 ліпеня.

Палітвязень Аляксей Максюкоў. Фота: Вясна

Праваабаронцы паведамляюць, што суддзя Таццяна Пірожнікава вынесла прысуд па справе палітзняволенага Аляксея Максюкова, якога абвінавачвалі ў «Арганізацыі альбо актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт 342 КК). Суддзя зняволіла Аляксея на тры гады «хатняй хіміі».

За рэпост камедыйных відэаролікаў з выявай Лукашэнкі суддзя Ірына Паўлоўская ў судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў вынесла прысуд Ігару Фалейчыку, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1. арт. 368 КК). Суддзя зняволіла Ігара на два гады калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязень Уладзімір Гундар працягвае галадоўку. Першае фота — з судовага пасяджэння да галадоўкі, другое — скрыншот з відэа БТ ад 6 ліпеня.

Як змяніўся палітвязень Уладзімір Гундар за дзевяць дзён сухой галадоўкі. Выявы: Вясна

29 чэрвеня 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча», інвалід ІІ групы Уладзімір Гундар абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць няспынных здзекаў сілавікоў і парушэння сваіх правоў. Спыніць яе Гундар збіраецца пасля выхаду з карцару, куды яго «за дрэнныя паводзіны» змясцілі 30 чэрвеня на 10 дзён. Учора жонка палітвязьня казала, што ён выглядае кепска, моцна схуднеў і «становіцца шэрым».

У горадзе Сянно на Віцебшчыне затрымалі Уладзіміра Булаўскага, вядомага арт-мэнэджара, арганізатара канцэртаў і музыку. Гэта адбылося ўвечары, перад канцэртам «Купальскае кола», дзе Уладзімір мусіў граць з этнагуртом «Гук». «Забралі двое супрацоўнікаў у грамадзянскім, без тлумачэння прычыны. Нібыта завезлі яго ў Віцебск», — расказалі сябры Уладзіміра.

КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ пяць чалавек. У спіс дадалі Сяргея Канавалава, Андрэя Любецкага, Уладзіміра Агіевіча, Сяргея Глебка і Вадзіма Смірнова. Цяпер у гэтым спісе КДБ 876 чалавек, 137 з якіх — беларусы.

КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ пяць чалавек. Сярод іх сківічны хірург

44-гадовага палітвязня Дзяніса Граханава, асуджанага раней на паўтара года «хіміі» за надпіс «Не забудзем» каля «Пушкінскай» у Менску, асудзілі яшчэ раз. 15 лютага Дзяніса затрымаў КДБ наўпрост у папраўчай установе № 45 пад Камянцом. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК). Пяць месяцаў да суда яго ўтрымлівалі ў гомельскім СІЗА. Па хадайніцтву пракурора суд амаль адразу зрабілі закрытым. Суддзя Вольга Церахава канчаткова прызначыла Граханаву па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання – адзін год і сем месяцаў зняволення.

Справу палітзняволенай Ксеніі Луцкінай накіравалі ў Вярхоўны суд.

Справа палітзняволенай журналісткі Ксеніі Луцкіной накіраваная ў Вярхоўны Суд

У Мазыры 6 ліпеня быў затрыманы мясцовы актывіст Арцём Савіцкі. Сілавікі знайшлі яго ў вёсцы, дзе ён быў па гаспадарчых справах. Савіцкага адвезлі ў горад, дзе па месцы жыхарства правялі ператрус у межах нейкай крымінальнай справы. Вядома таксама, што ператрус праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа з Менску.

Па дадзеных праваабаронцаў, у чэрвені беларускія суддзі разглядзелі больш за 100 адміністрацыйных справаў. Вядомыя вынікі па 53 справах: 20 штрафаў і 33 адміністрацыйных арышта. Пры гэтым мінімум у 23 чалавек канфіскавалі тэлефоны. Акрамя гэтага, беларусаў працягваюць судзіць за акцыі пратэсту супраць вайны ва Украіне.

Марыя Мурашка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны