Міжмор’е лепш за ЕЗ, дзве дзяржаўныя мовы, трэці шлях для Беларусі: якія каштоўнасці падзяляюць прадэмакратычныя беларусы

Цэнтр новых ідэй супольна з ініцыятываю «Народнае апытанне» правялі даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці прадэмакратычных беларусаў. У апытанні ўзялі ўдзел амаль 4000 чалавек, з іх 2127 застаюцца ў Беларусі, палова – у Менску. Вынікі апытання сведчаць пра тое, што для большасці нашых суайчыннікаў беларушчына – гэта не традыцыя ці спадчына, а грамадзянска-палітычная пазіцыя. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочны канцэрт да 105-й гадавіны абвяшчэння БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Беларускую мову выбіраюць усё больш

З 28 траўня да 5 чэрвеня 2023 года Цэнтр новых ідэй супольна з ініцыятываю «Народнае апытанне» правялі даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці прадэмакратычных беларусаў. У апытанні ўзялі ўдзел амаль 4000 чалавек, з іх 2127 застаюцца ў Беларусі, палова – у Менску.

Падчас прэзентацыі вынікаў адна з аўтарак, Леся Руднік, заўважыла: адною з асаблівасцяў даследавання было тое, што людзі маглі выбіраць, на якой мове ім было б зручней запаўняць анкету, па-расейску ці па-беларуску. У выніку на беларускай мове анкеты запоўнілі 70 % рэспандэнтаў, на расейскай – 30 %. У адказах рэспандэнтаў, якія застаюцца ў Беларусі, прапорцыя захавалася: 67 % і 33 %. Сярод тых, хто не падтрымлівае пратэсту (у апытанні ўзялі ўдзел і такія рэспандэнты, хаця іх было няшмат), беларускую мову для запаўнення анкеты выбралі толькі 29 % рэспандэнтаў.

У даследаванні былі два звязаныя пытанні: «У якой ступені вы адчуваеце (усведамляеце) сябе прадстаўніком сваёй нацыянальнасці?» і «Ацаніце, калі ласка, у якой ступені для вас важная вашая нацыянальнасць» (у шкале ад 0 да 10).

78 % апытаных маюць высокія паказнікі адчування нацыянальнай ідэнтычнасці (8 і больш балаў). Практычна столькі ж (76 %) указалі і на высокую важнасць для іх сваёй нацыянальнасці (8 і больш балаў). Сярод тых, хто выбраў беларускую мову, абодва гэтыя паказнікі – і ўсведамленне нацыянальнасці, і яе важнасць – вышэйшая, чымся ў тых, хто выбраў расейскую мову (па 83 % супраць 65 % і 61 % адпаведна).

Высокую ступень усведамлення сваёй нацыянальнасці дэманструюць не толькі прыхільнікі пратэсту, але і тыя, хто выступаюць супраць яго. Эксперты звяртаюць увагу: у Беларусі суіснуюць два палітычна-ідэнтычныя праекты – «нацыянальна-дэмакратычны» і «нацыянальна-савецкі», кожны з іх мае сваіх прыхільнікаў.

Беларушчына – гэта не традыцыя і не спадчына

Падчас апытання беларусамі сябе назвалі 89 % рэспандэнтаў. У цэлым гэта супадае з звесткамі перапісу 2019 года, дзе беларускую нацыянальнасць паказалі 85 %.

Пры гэтым толькі ў паловы апытаных абое бацькоў маюць беларускую нацыянальнасць і Беларусь як краіну нараджэння. Доля людзей, у якіх продкі ў трэцім калене былі б беларусамі, якія нарадзіліся ў Беларусі, складзе ўсяго 25 %, то бок толькі чвэрць. Такое самавызначэнне паказвае, наколькі беларусы застаюцца ў постмадэрновым свеце: чалавек сам пастанаўляе, якой ён нацыянальнасці.

Эксперты канстатуюць: доўгачасовая сямейная традыцыя як канал фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці ў Беларусі шмат у чым была страчаная.

Адзін з аўтараў даследавання, сацыёлаг Генадзь Коршунаў адзначае: у 2020 годзе адбылося перакадаванне беларускай нацыянальнасці. Замест доўгачасовай сямейнай традыцыі або адукацыйна-ідэалагічнай сістэмы галоўным інструментам фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці сталіся іншыя механізмы – не інстытуцыйныя, а пераважна індывідуальныя, і не этнічныя, а грамадзянска-палітычныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія кнігі на адным са стэндаў падчас адкрыцця фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Гэта значыць, што для шмат каго беларушчына сёння – не традыцыя ці спадчына, а, хутчэй, адкрыццё і дасягненне. А яшчэ і супрацьпастаўленне сябе рэжыму.

Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў моцна палітызаваная

Роднасць з беларусамі – на першым месцы сярод чыннікаў, паводле якога беларусы вызначаюць сваю ідэнтычнасць. Яна нават больш за адчуванне роднасці са сваімі блізкімі, найбліжэйшым атачэннем. На трэцім месцы – людзі з падобнымі палітычнымі поглядамі.

Беларускамоўныя рэспандэнты адчуваюць сваю блізкасць з еўрапейцамі, расейскамоўныя больш касмапалітычныя альбо з ухілам у славянска-савецкую ідэнтычнасць.

Што яднае з беларусамі?

Менталітэт, культура, мова, гісторыя, нацыянальнасць як такая. Пры гэтым у беларускамоўных рэспандэнтаў выразна на першым месцы – беларуская мова і нацыянальная культура. У расейскамоўных – менталітэт і паходжанне, то бок больш пасіўныя рэчы, якіх не змяніць.

Нейтральныя беларусы, якія не падтрымліваюць пратэстаў, найперш звяртаюць увагу на грамадзянства, то бок фармальны чыннік.

Ідэнтычнасць мае і іншыя складнікі. Напрыклад, гістарычны. Гістарычнаю базаю для нацыянальнай ідэнтычнасці для апытаных ёсць сярэднявечныя княствы – Полацкае і Тураўскае. На другім месцы (чвэрць апытаных) – ВКЛ. Але менавіта ВКЛ становіцца галоўнай эпохай, якая паўплывала на тое, што беларусы сталі тымі, кім сталі.

А як наконт святаў?

На ўсёй постсавецкай прасторы галоўнае свята – Новы год. Таму яго можна нават вынесці за дужкі. Затым ідзе Дзень Волі, то бок палітычнае свята, пасля – Вялікдзень і Раство, рэлігійныя святы. Цікава, што трэцім блокам ідуць народныя, нават паганскія святы – Дзяды, Радаўніца, Купалле.

Палітычны складнік

Большасць думае, што стасункі з Расеяй трэба будаваць такімі ж, як і з іншымі краінамі. Асноўны кірунак развіцця – з арыентацыяй на Еўропу, але звяртае ўвагу, што яшчэ з сярэдзіны нулявых працягваецца запыт на свой, сярэдні шлях Беларусі. Траціна апытаных мяркуе, што мы не павінны ўваходзіць у нейкія саюзы, а мусім рабіць нешта самі.

Калі б быў рэферэндум пра ўваходжанне ў склад Еўрапейскага Звязу, абсалютная большасць прагаласавала б за. Калі пра ўваходжанне ў склад Расеі, амаль усе прагаласавалі б супраць.

Цікава, што людзі вельмі станоўча ставяцца да ідэі Балтыйска-Чарнаморскага звязу, то бок саюзу з украінцамі, літоўцамі, палякамі. Да Міжморʼя нават больш лагодна ставяцца, як да ідэі ўваходу ў ЕЗ.

Функцыі дзяржавы

На думку большасці прадэмакратычных беларусаў, галоўная функцыя дзяржавы – забеспячэнне палітычнага ўдзелу грамадзянаў і абарона свабоды слова. Пры гэтым у пытанні пра ролю ў жыцці грамадзянаў большасць адзначыла падтрыманне эканамічнага ўзроўню развіцця, запэўніванне эканамічнай стабільнасці і дабрабыту. Большасць апытаных мяркуе, што дзяржава павінна падтрымліваць сацыяльна незабяспечаныя семʼі.

Якая мова павінна быць дзяржаўнай у Беларусі?

Нават у прадэмакратычнай частцы беларусаў ідэя беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай не мае перавагі. Бальшыня выказваецца за двухмоўе, і гэта моцна залежыць ад мовы, на якой адказвалі рэспандэнты.

Бальшыня думае, што краіне патрэбная беларусізацыя, але не хуткая, а паступовая, акуратная. Гэта наагул сугучна меркаванню адносна правядзення любых рэформаў у краіне. Беларусы вельмі стымулююць пытанне пра сацыяльную дзяржаву, падтрыманне незабяспечаных семʼяў. Тое сама назіраецца ў пытаннях адносна кірункаў беларусізацыі. Найбольш «радыкальная» беларускамоўная частка беларусаў, якая дбае пра беларусізацыю, не патрабуе чагосьці, а думае больш не пра сябе, а пра іншых. Яны кажуць: трэба дапамагаць пераходзіць на беларускую мову, стымуляваць ды папулярызаваць гэты пераход і інтарэс да беларускай культуры. Гэта вельмі рэфлексійны падыход, заўважае Генадзь Коршунаў. Беларусы думаюць на некалькі крокаў наперад, як не прымушаць, а стымуляваць да развіцця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На думку эксперта, беларуская ідэнтычнасць, беларушчына сёння – гэта сістэма з адкрытым кодам. Бо для большасці асэнсаванне сябе беларусам прыйшло не праз сямʼю, а як асабісты досвед, тое, за што змагаўся. І 2020 год вельмі падштурхнуў гэты працэс. Але такая сістэма самаасэнсавання неперапрацаваная. Пры гэтым у 2020 годзе пачаў будавацца адзін вобраз – гераічна-патрыятычны, але, паспеўшы сфармавацца, у 2022-м ён зламаўся, і трэба будаваць штосьці новае.

СП belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны