Рэчы, якія знаходзяць у доме Прыгожына, кампраметуюць не столькі яго, колькі ўладу

Расейскія СМІ працягваюць публікаваць інфармацыю, што раскрывае новыя дэталі з жыцця і дзейнасці Яўгенія Прыгожына. У сеціве з’яўляюцца здымкі аўтамабіляў, начыненых скрынямі з грашыма, шыкоўных апартаментаў з басейнамі і лазнямі, зброі, замежных пашпартоў і шмат чаго іншага. Мы сабралі цікавыя факты да партрэта ўладальніка ПВК Вагнэра, пра якія расказвае расейская прапаганда, спрабуючы дыскрэдытаваць Прыгожына.  

У сеціва трапілі здымкі Яўгенія Прыгожына ў змененым вобразе. Сярод знаходак у доме ўладальніка ПВК Вагнэра былі таксама парыкі і падробленыя дакументы. Калаж з фота: astrapress / Telegram

Крэмль «мочыць», а Лукашэнка не бачыць пагрозаў

Пакуль Аляксандр Лукашэнка выступае перад замежнымі журналістамі і расказвае, што не супраць даць прытулак у Беларусі атрадам ПВК Вагнэра і не бачыць у звязку з гэтым ніякіх рызык, у расейскіх СМІ працягваюць актыўную кампанію для дыскрэдытацыі Прыгожына. Сінхронна ў розных інфармацыйных каналах пракацілася хваля сюжэтаў, якія прыніжаюць ролю ПВК Вагнэра ў вайне ва Украіне.

Гэтак, на расейскіх тэлеканалах былі выпушчаныя сюжэты з мэтаю «развянчаць міф пра максімальную эфектыўнасць прыватнай кампаніі Вагнэра». У іх, напрыклад, сцвярджалася, што заваяванне «не самага важнага з гледзішча ўсяго фронту» Бахмуту (Арцёмаўску, як гаворыцца ў сюжэце) далося высокаю цаной і цягнулася вельмі доўга, калі параўноўваць з Марыупалем.

Уладальнік гэтай прыватнай вайсковай кампаніі, які кінуў выклік самому Пуціну, у выніку гэтых інфармацыйных атак паўстае ў даволі цікавым святле.

Адметна і тое, што разам з Прыгожыным прапаганда дыскрэдытуе і расейскую ўладу, паказваючы, якімі неабмежаванымі дзяржаўнымі выгадамі карыстаўся Прыгожын.

У той час як сам Яўгеній Прыгожын дэманстраваўся ў выглядзе «здрадніка», байцы ягоных атрадаў, наадварот, выстаўляліся героямі.

Напрыклад, спікерка МЗС Расеі Марыя Захарава 28 чэрвеня адзначыла, што «ніхто не ставіў пад сумнеў прафесіяналізму, заслуг і гераізму» вагнэраўцаў. Гэткія заявы афіцыйных асобаў з’явіліся ў звязку з тым, што рэпутацыю байцоў ПВК трэба было захаваць, каб яны маглі надалей праводзіць аперацыі ў Афрыцы. Бо, згодна з ацэнкамі, у афрыканскіх краінах базуюцца каля 10 000 вагнэраўцаў, да паслуг якіх звяртаюцца некаторыя афрыканскія лідары для забеспячэння сваёй улады.

Каб зняць разгубленасць лідараў Афрыкі, з асобнаю заяваю мусіў нават выступіць Сяргей Лаўроў, які пацвердзіў, што байцы ПВК Вагнэра будуць надалей надаваць свае паслугі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Малі.

Такім чынам, выразна намеціліся два трэнды ў расейскіх СМІ: Прыгожын – кепскі, вагнэраўцы – героі.

Грошы. Вялікія грошы

Як бы там ні было, «нутраное жыццё» Прыгожына пачалі дэманстраваць яшчэ падчас ягонага «наступу» на Маскву.

Першае, на чым пастанавілі зрабіць акцэнт прапагандысты, – гэта вялікія грошы, якія знаходзяць у героя, якога трэба дыскрэдытаваць у вачах абывацеля. Класічны сюжэт. З яго і пачалі.

Раніцаю 24 чэрвеня санкт-пецярбургскае выданне «Фонтанка» паведаміла, што каля гатэлю «Trezini Palace», які звязваюць з Прыгожыным, у прыпаркаванай «Газелі» знайшлі скрыні, забітыя грашыма. Падлікі паказалі, што там ляжалі 4 мільярды расейскіх рублёў. Праз колькі дзён, 29 чэрвеня, каля прыгожынскага гатэлю «River Palace» сілавікі знайшлі яшчэ адзін мікрааўтобус, ужо з 6 мільярдамі рублёў.

Цікава, што Прыгожын нават не хаваў таго, што грошы належаць яму. Ён удакладніў: у яго знайшлі «не адну «Газель», а «Газель» і два мікрааўтобусы, у якіх ляжалі грошы». Паводле яго, гэта грошы, якія выдаткоўваліся «на выдачу заробку, гэтак званыя кампенсацыі «груз 200» ды іншыя пытанні», бо цягам апошніх 10 гадоў ПВК Вагнэра выкарыстоўвае для разлікаў выключна гатоўку.

Праз колькі дзён паходжанне гэтых грошай растлумачыў не хто іншы, як сам Уладзімір Пуцін. Ён заявіў, што на ўтрыманне ПВК Вагнэра з траўня 2022 года да траўня 2023-га ўрад Расеі выдаткаваў 86 мільярдаў 262 мільёны рублёў, чым забяспечыў поўнае ўтрыманне гэтай групоўкі. Акрамя таго, паводле прэзідэнта РФ, цягам года кампанія «Канкорд», якая належыць Прыгожыну, зарабіла ад дзяржавы праз «Военторг» 80 мільярдаў рублёў.

Атрымліваецца, што ўлады пры расследаванні злачынстваў Прыгожына выйшлі на саміх сябе?

Дом, мілы дом

Аднак расейская прапаганда не спыняецца і працягвае «карміць» абывацеля цікавінкамі з прыватнага жыцця Яўгенія Прыгожына. Гэтак, 5 ліпеня паказалі ягоны дом, у якім праводзіліся ператрусы. Пры гэтым аператыўныя кадры трансляваліся на шырокую аўдыторыю ў эфіры тэлеканалу «Россия-1».

Згодна з трапным азначэннем каналу «Беларусь головного мозга», гэта «даволі карыкатурны дом расейскага алігарха: з асабістым пакоем для малітваў, палатай інтэнсіўнай тэрапіі, басейнам, аздобленымі дрэвам працоўнымі кабінетамі, пачкамі валюты гатоўкаю і залатымі зліткамі, сфальшаванымі дакументамі».

 

Інтэр’ер дому Прыгожына. Кабінет. Здымак з відэа тэлеканалу «Россия-1»
Басейн у доме Прыгожына. Здымак з відэа тэлеканалу «Россия-1»
Асабістая святыня ў доме. Здымак з відэа тэлеканалу «Россия-1»
Інтэр’еры дому Яўгенія Прыгожына. Здымак з відэа тэлеканалу «Россия-1»

Тым не менш сярод усяго паказанага ўвагу прыцягваюць некалькі прадметаў, якія могуць дадаць «штрыхі ў партрэт» уладальніка дому.

Кувалда

На адным з фотаздымкаў, якія шырока разышліся ў сеціве, можна ўбачыць вялікіх памераў кувалду з надпісам «На выпадак важных перамоваў». Гэты прадмет ужо даўно стаўся сімвалам жорсткасці і бесчалавечнасці вагнэраўцаў. Асобнік з прыгожынскага дому наўрад ці быў «рабочым інструментам», але яго наяўнасць у апартаментах шмат пра што гаворыць.

Кувалда ў доме Прыгожына. Здымак з відэа тэлеканалу «Россия-1»

У лістападзе 2022 года стала вядома пра пакаранне кувалдай Яўгенія Нужына, аднаго з байцоў ПВК, які, як сцвярджалася, добраахвотна перайшоў на бок ЗСУ. На відэа, якое апублікаваў тэлеграм-канал «Grey Zone», Нужын пасля кароткай прамовы, у якой прызнаецца ў пераходзе на бок ворага, кажа, што яго зараз будуць судзіць. Пасля гэтага ён атрымлівае ўдар кувалдаю па галаве.

Пазней на тым жа канале з’явіўся допіс, у якім казалася, што «кувалда і здраднікі маюць для «аркестру» [ПВК Вагнэра] цесную сувязь. І вось, трапіўшы раптоўна з-пад следства ў Кіеве, здраднік атрымаў традыцыйнае спрадвечна [курсіў наш. – Заўвага «Белсату»] вагнэраўскае пакаранне».

Сам Прыгожын адрэагаваў на з’яўленне гэтага відэа своеасабліва: «У гэтым шоу відаць, што ён [Нужын] не знайшоў шчасця ва Украіне, а сустрэўся з нядобрымі, але справядлівымі людзьмі… Мне здаецца, гэты фільм называецца «Сабаку – сабачая смерць».

Праз пару месяцаў (у лютым 2023-га) з’явілася яшчэ адно відэа з пакараннем кувалдаю байца Дзмітрыя Якушчанкі. Яно было вельмі падобнае да відэа з Нужыным. Мужчына, як і Нужын, трапіў у рукі вагнэраўцаў, атрымаўшы на вуліцы Дняпра ўдар па галаве, пасля чаго апынуўся ў склепе, дзе яго і забілі.

Праўда, пазней з’явіўся яшчэ адзін ролік, у якім Дзмітрый Якушчанка кажа, што яму даравалі жыццё, бо з палону ён «прынёс шмат каштоўнай інфармацыі, што ўратавала жыццё шмат якім хлопцам». Не выключаюць, што гэтая інсцэнізацыя была зробленая з мэтаю паказаць, што і відэа з Нужыным магло быць пастановачным.

Не менш цікаваю была і афіцыйная рэакцыя Крамля наконт забойства Нужына. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі, адказаў: «Няма ў нас ніякага каментара. Мы не ведаем, што гэта, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці». І дадаў, што «гэта не нашая справа», такім чынам, што называецца, умыў рукі. Афіцыйныя следчыя органы Расеі пачалі правяранне па факце забойства, але пакуль ні да якіх вынікаў яно не прывяло.

Паводле крыніцаў Расейскай службы Бі-Бі-Сі, вядома мінімум пра тры выпадкі такіх пакаранняў, аднак напэўна пацвердзіць іх не ўдалося.

Адвакат Ілья Новікаў гэтак пракаментаваў той інцыдэнт:

«У 2017 годзе аналагічным чынам забілі чалавека ў Сірыі – менавіта вагнэраўца, менавіта кувалдаю, менавіта пад запіс на відэакамеру, каб пасля гэтым хваліцца. Гэта практычна іхны фірмовы стыль».

Фотаздымкі

У гэтай сувязі цікавасць выклікае яшчэ адзін прадмет з інтэр’ераў прыгожынскага дому, які абнародавалі журналісты. З этычных меркаванняў мы лічым недарэчным прыводзіць яго выяву ў нашым матэрыяле. Бо прадмет гэты – фотаздымак з адрэзанымі галовамі сірыйскіх баевікоў.

Як гэта характарызуе чалавека, у якога такое фота стаіць у рамцы на бачным месцы ў доме, – пытанне да псіхолагаў (ці нават псіхіятраў), і яно заслугоўвае асобнай размовы. Але цалкам верагодна, што Прыгожына такія рэчы сапраўды цешаць, для яго яны – норма.

Пацвярджаюць крыважэрнасць прыгожынскіх наймітаў як выпадак з пакараннем сірыйца, пра які гаворыць Ілья Новікаў, гэтак і падобныя факты з Украіны, у якіх таксама засвяціліся вагнэраўцы.

Узнагароды

Нарэшце яшчэ адзін прадмет з дому Прыгожына, які ў святле ўсіх вышэй апісаных «подзвігаў» ягонага ўладальніка, выглядае вельмі цікава. Гэта пінжак з узнагародамі.

Пінжак з дзяржаўнымі ўзнагародамі Яўгенія Прыгожына. Здымак з відэа тэлеканалу «Россия-1»

Набор медалёў і ордэнаў сапраўды ўражвае. З трыма зоркамі героя Прыгожын ужо неаднаразова з’яўляўся на публіцы, піша выданне «Фонтанка». Яны размешчаныя ўверсе левага борта пінжака: Герой Расеі, Герой ЛНР, Герой ДНР.

Але астатнія ўзнагароды з фотаздымка былі менш вядомыя. Журналісты разгледзелі сярод іх два ордэны «За мужнасць», ордэн «За заслугі перад Айчынай», ордэн Аляксандра Неўскага, ордэн «Сяброўства», медалі ордэна «За заслугі перад Айчынай» I, II і IV ступеняў, медаль «За вяртанне Крыму» ды іншыя ўзнагароды арабскіх і афрыканскіх дзяржаваў.

Званне Героя Расеі Прыгожын атрымаў 20 чэрвеня 2022 года. Гэтая ўзнагарода ўручаецца «за заслугі перад дзяржавай і народам, звязаныя са здзяйсненнем геройскага подзвігу». Як піша «Фонтанка», Прыгожын уваходзіць у топ-30 выпадкаў, калі, акрамя Героя Расеі, чалавеку было прысвоенае званне Героя замежных дзяржаваў (у гэтым выпадку замежнымі дзяржавамі лічацца гэтак званыя ЛНР і ДНР). У гэтым сэнсе ён нават пераўзыходзіць генерала Суравікіна, які мае толькі дзве – РФ і непрызнанай ЛНР. Яшчэ адзін кавалер трох зорак героя – Рамзан Кадыраў, а таксама трое камандзіраў ПВК Вагнэра.

Але, як сцвярджае выданне, самая нечаканая ўзнагарода на пінжаку Прыгожына – ордэн «За ваенныя заслугі». Яго ўручаюць за падтрыманне высокай боегатовасці войскаў і забеспячэнне абароназдольнасці Расеі, умелыя і рашучыя дзеянні, адвагу і самаадданасць пры выкананні баявых аперацыяў, узорнае выкананне службовых абавязкаў, а таксама за заслугі ва ўмацаванні міжнароднай ваеннай і ваенна-тэхнічнай супрацы. Але ёсць важны момант: уручаецца гэты ордэн толькі вайскоўцам у выпадку выслугі 20 гадоў і наяўнасці іншых узнагародаў. Такога ордэна няма нават у міністра абароны Сяргея Шайгу.

Адмысловец ва ўзнагародах, да якога звярнулася «Фонтанка» з просьбай ахарактарызаваць чалавека паводле ўзнагародаў на фота, адказаў, што не ахарактарызуе яго ніяк: «У нас [у Расеі] апошнім часам настолькі дзіўныя іканастасы сустракаюцца, што няма чаго сказаць», – адказаў ён на ўмовах ананімнасці.

Як бы там ні было, відаць, што расейская дзяржава шчыра ўзнагароджвала дзейнасць Прыгожына і адзначала ўсе ягоная заслугі.

Усё вярнулі

Была сярод знаходак у доме Прыгожына і вялікая колькасць зброі. Але ці здзівіць некага тое, што ўладальнік прыватнай вайсковай кампаніі мае ў сваіх апартаментах цэлы арсенал.

Арсенал зброі, знойдзены ў спальні Яўгенія Прыгожына. Здымак з відэа тэлеканалу «Россия-1»

Цікава іншае: Прыгожыну вярнулі ўсю раней сканфіскаваную зброю: два карабіны «Сайга», аўстрыйскі карабін «Steyr Mannlicher», напалову аўтаматычная вінтоўка AR-15, некалькі стрэльбаў і пісталетаў.

Па імянны пісталет «Glock», падораны асабіста міністрам абароны Сяргеем Шайгу, Прыгожын прыехаў асабіста ў будынак Упраўлення ФСБ Пецярбургу.

Паведамляюць, што вярнулі Прыгожыну і сканфіскаваныя падчас ператрусаў 10 мільярдаў рублёў, некалькі соцень тысяч долараў, пяць зліткаў золата, а таксама тэхніку «Вагнэр-цэнтру». Бо крымінальную справу супраць Яўгенія Прыгожына закрылі.

Раман Шавель belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны