Будынак менскай прасторы «Ок16» зноў выставілі на аўкцыён. Стартавая цана – 10 млн рублёў

«Белгазпрамбанк» выставіў на аўкцыён комплекс будынкаў у Менску па адрасе вул. Кастрычніцкая, д. 16. Раней там месціўся вядомы культурны хаб «Ок16», закрыты ў пачатку 2021 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вуліца Кастрычніцкая. 21 кастрычніка 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: Белсат

На продаж выстаўленыя будынкі агульнай плошчай 6158,3 м². У складзе лоту – тры колішнія вытворчыя корпусы Менскага заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Правы прадаюць на долю 751/1000.

У будынкаў пазначаныя два арандатары: ТАА «Шэф-повар Кейтэрынг» і ПУП «Гартлеры». На будынкі накладзеныя пэўныя абмежаванні праз статус помніку гістарычна-культурнай спадчыны.

Заяўкі на гандляванні прымаюць да 5 жніўня, сам аўкцыён пройдзе 6 жніўня. Стартавая цана – 10 млн беларускіх рублёў (больш за 3,1 млн долараў ЗША), задатак для ўдзелу ў аўкцыёне – 500 тыс. рублёў.

Гэта ўжо другая спроба прадаць будынкі: іх выстаўлялі на аўкцыён у канцы 2022 года са стартавай цаной 12,63 млн рублёў (на той час амаль 5 млн долараў ЗША), але пакупнікоў не знайшлося.

«Белгазпрамбанк» выкупіў карпусы ў 2017 годзе за 3 млн долараў ЗША, у тым жа годзе адкрыў там культурную прастору «Ок16». Ініцыяваў гэта тагачасны дырэктар банку Віктар Бабарыка, пляцоўку ўзначаліла Марыя Калеснікава. Абое цяпер – палітычныя зняволеныя пасля ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2020 года.

«Ок16» пазіцыянаваўся як інкубатар ініцыятываў, эксперыментальная прастора для смелых ды маштабных сацыяльных і культурніцкіх ідэяў. Тут ладзілі фестываль «ТЭАРТ», міжнародную IT-канферэнцыю «Emerge», шматлікія выставы ды іншыя імпрэзы.

Пляцоўка раптоўна прыпыніла працу ў студзені 2021 года з нагоды прадпісання Міністэрства надзвычайных сітуацыяў (аднак у закрыцці бачылі палітычныя матывы).

На аўкцыёне з другой спробы прадалі гадзіннікі Віктара Бабарыкі

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны