Вайна ва Украіне: дроны ўдарылі па Варонежскай вобласці, Орбан адцягвае ўвагу

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 865 дзён. Расея не спыняе спробаў наступу, паволі прасоўваецца каля Купянску, Сіверску, Тарэцку і Аўдзееўкі і атрымлівае «прылёты» на сваёй тэрыторыі. Уладзімір Пуцін фактычна адмаўляецца ад перамоваў, у якіх Віктар Орбан прапануе сябе як пасярэдніка. «Белсат» расказвае, што пішуць пра вайну на раніцу 7 ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навучанне навабранцаў Збройных сілаў Украіны. Фота: 92 ОШБр ім. кошового отамана Івана Сірка / Fecebook

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны расказвае, што за мінулы дзень адбылося 151 баявое сутыкненне (у паўтара раза больш за «звычайныя» лічбы мінулых месяцаў). Расейскія войскі спрабавалі наступаць на харкаўскім, купянскім, ліманскім, сіверскім, краматорскім, тарэцкім, пакроўскім (там найбольшая актыўнасць), курахаўскім, врэмеўскім, арэхаўскім, прыдняпроўскім кірунках. Абстрэлы і выведная дзейнасць працягваюцца на мяжы з Чарнігаўскай і Сумскай вобласцямі. Паводле маніторынгавага праекту «DeepState», Сілы абароны Украіны адкідваюць расейскія войскі ў Глыбокім на поўначы Харкаўскай вобласці.

За мінулы дзень украінскі бок налічыў два ракетныя ўдары і запуск 13 дронаў-камікадзэ тыпу іранскіх «Шахедаў» (усе дроны збілі, пра збітыя ракеты не пішуць, але ў статыстыцы за мінулы дзень пазначана, што Расея страціла адну крылатую ракету), а таксама 58 авіяцыйных удараў, каля чатырох тысяч абстрэлаў, з якіх 138 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. Праз атаку расейскіх беспілотнікаў на поўдзень Украіны Румынія падымала ў паветра сваю авіяцыю.

У Херсонскай вобласці за мінулы дзень праз расейскія абстрэлы былі забітыя чатыры чалавекі, параненыя тры. Ноччу расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Паўлаградзе, што ва ўсходняй частцы Днепрапятроўскай вобласці. Пашкоджаныя чатыры прыватныя будынкі, пацярпелі тры жанчыны. Таксама атакавалі Нікапаль, што на поўдні вобласці: рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, артылерыяй і дронамі пашкодзілі 10 прыватных будынкаў, тры гаспадарчыя, газаправод. У Сумскай вобласці зафіксавалі за мінулы дзень 26 абстрэлаў і 76 выбухаў, за ноч – яшчэ 13 абстрэлаў і 58 выбухаў, аб пацярпелых не паведамляюць.

Збройныя сілы Украіны налічылі, што толькі за мінулы дзень расейскія войскі страцілі 1150 чалавек, 2 танкі, 16 бронемашынаў, 40 артылерыйскіх сістэмаў і адну сістэму супрацьпаветранай абароны, 50 машынаў і 16 адзінак спецтэхнікі. Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны, паводле падлікаў Генштабу ЗСУ, Расея страціла амаль 551 тысячу чалавек. Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны хваліцца ўдарамі па расейскіх лагістычным цэнтры і станцыі пастаноўцы перашкодаў на тэрыторыі Украіны.

У Варонежскай вобласці Расеі адбылася атака дронаў. Паводле кіраўніцтва вобласці, некалькі дронаў былі збітыя, але пасля падзення аскепкаў на адным са складоў пачалася «дэтанацыя выбуханебяспечных аб’ектаў», людзі не пацярпелі. Аб тым, ці не была тая дэтанацыя мэтай атакі, улады не разважаюць.

Украіна 7 ліпеня адзначае Дзень ваенна-марскіх сілаў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 6 ліпеня казаў, што Украіна працуе над новай стратэгіяй на моры, неўзабаве яна будзе зацверджаная, і ў выніку расейскі флот ніколі не будзе дамінаваць у Чарнаморскім рэгіёне.

Камандуючы паветранымі сіламі Украіны Мікола Аляшчук заяўляе, што на нядаўніх відэа расейскіх удараў па аэрадроме Даўгінцава і па раёне Южнае былі знішчаныя макеты самалётаў і зенітна-ракетных комплексаў: «У ворага стала менш „Іскандэраў“, а макеты яшчэ падвязуць».

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу найперш не на баявыя дзеянні, а на выказванні прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана. Той пасля візітаў у Кіеў і Маскву даў інтэрв’ю «Newsweek», у якім абвінаваціў NATO ў «выбары канфлікту замест міру». Намаганні Орбана падштурхнуць да перамоваў, на думку ISW, з’яўляюцца часткай ягоных пастаянных намаганняў у пераключэнні еўрапейскага фокусу ад дыскусіяў аб ваеннай падтрымцы Украіны. І хоць Орбан спрабуе паказаць сябе патэнцыйным пасярэднікам, Уладзімір Пуцін прадэманстраваў, што не хоча перамоваў: адрынуў спыненне агню да пачатку перамоваў і настойвае на здачы ўкраінскіх тэрыторыяў і «дэмілітарызацыі» Украіны.

У NATO, як кажуць крыніцы «Politico», пабойваюцца, што на прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах Джо Байдэн прайграе Доналду Трампу, а Трамп нашкодзіць альянсу і падарве высілкі ва Украіне. Ды і лідарствам Байдэна не зусім задаволеныя праз «занадта паступовую» дапамогу Украіне. Таму ў дзяржавах NATO усё больш размоваў пра ўласную абарону.

Тым часам Украіна атрымлівае ўсё новую дапамогу, хай і не дастатковую для рашучага наступу. Напрыклад, 6 ліпеня Японія абвясціла пра супольны з Камбоджай праект абмену ведамі і тэхналогіямі дзеля размінавання розных краінаў, у тым ліку Украіны.

Орбан, Трамп і дымавая заслона Пуціна. Ці могуць Украіна і Расея сесці за стол перамоваў?

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны