Ці можа спыніцца рэпрэсіўны апарат да сыходу Лукашэнкі? Спыталі Фрыдмана і Цыганкова

Намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бядункевіч сказаў у інтэрв’ю прапагандысту Рыгору Азаронку, што калі спыніць пераслед іншадумцаў, то «яны зноў пачнуць працаваць супраць нас». «Белсат» спытаў аналітыкаў, ці значыць гэта, што рэпрэсіі не спыняцца да сыходу Лукашэнкі.

Намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бядункевіч паказвае прапагандысту Рыгору Азаронку канфіскаваныя ў час палітычных ператрусаў рэчы. 6 жніўня 2023 года. Скрыншот:

Новости. Здесь и сейчас / Youtube

ГУБАЗіК выпадкова прызнаў, што вінаватыя не «заходнія лялькаводы»

Гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман кажа «Белсату», што рэпрэсіі сапраўды не спыняцца да канца рэжыму Лукашэнкі, але можна чакаць больш актыўных і менш актыўных фазаў.

«Што тычыцца ГУБАЗіКу, там усё проста: рэпрэсіі – гэта іх праца, яны з гэтага жывуць, і чым больш актыўна праводзяцца рэпрэсіі, тым больш яны карысныя для ўлады, тым больш яны могуць атрымаць», – канстатуе Фрыдман.

Фрыдман дапускае, што ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі ёсць людзі, якія лічаць, што рэпрэсіі трэба праводзіць не так актыўна, бо гэта шкодзіць стасункам з Захадам. Сярод такіх называюць, да прыкладу, дэпутата Ігара Марзалюка. Але шанцаў у такіх чыноўнікаў няшмат, бо ёсць і «ястрабы», якія хочуць больш рэпрэсіяў, а досвед 2020 года для Лукашэнкі быў абсалютна негатыўным і застаўся «недапрацаваным» да апошняга.

Для ўлады пытанне не ў тым, спыніць рэпрэсіі ці працягваць, а ў тым, наколькі актыўна іх праводзіць, мяркуе Фрыдман. Ён кажа, Лукашэнка разумее, што спыненне рэпрэсіяў можа прынесці яму толькі дадатковыя праблемы. Калі б ГУБАЗіК меў усю паўнату ўлады ў Беларусі, рэпрэсіі працягваліся б без перапынку на самым высокім узроўні.

Гісторык Аляксандр Фрыдман. Скрыншот: Белсат

«Так Бедункевіч і аргументуе: ён кажа, што калі мы спынімся, калі мы не будзем працягваць, то што мы атрымаем? Мы атрымаем 2020 год, – заўважае Фрыдман. – Такое вельмі цікавае выказванне: ён фактычна пацвярджае, што 2020 год нейкім чынам звонку занесены не быў, што гэта тыя працэсы, якія саспелі ў беларускім грамадстве».

Да аслаблення рэпрэсіяў можа падштурхнуць хіба аслабленне Расеі

Палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў разважае: у словах Бядункевіча «ёсць свая логіка», і гэткія думкі – цяперашняя логіка рэжыму Лукашэнкі: калі спыніць рэпрэсіі, грамадства пачне «ажываць» і патрабаваць свае правы. Лукашэнка калісьці казаў, што «дадэмакратызаваліся», і разумее, што дазвол грамадству жыць сваім жыццём прыводзізць да пратэстаў.

«Ці азначае гэта, што рэпрэсіі будуць да канца існавання гэтага рэжыму? У стратэгічным сэнсе – так, – кажа Цыганкоў. – Яны былі ўвесь час існавання гэтага рэжыму, і няма прычынаў мяняць такое меркаванне».

Ён таксама прагназуе хвалі жорсткасці рэпрэсіяў, але не іх спыненне. Да паслаблення можа прывесці нешта страшнае для рэжыму: радыкальнае аслабленне Расеі, знікненне фінансавай, матэрыяльнай, палітычнай і вайсковай падтрымкі Крамля, а ад гэтага – спроба памірыцца з грамадствам і Захадам, бо гэта стане важнейшым за адносіны з Масквой. Такі сцэнар малаімаверны, лічыць Цыганкоў, але нейкая частка грамадства можа змірыцца з тым, што ёсць, і не патрабаваць пакарання рэжыму.

У выказваннях некаторых прапагандыстаў і лукашэнкаўскіх палітыкаў праяўляецца стомленасць ад рэпрэсіяў, пагаджаецца, Цыганкоў: тая ж «інфаказачка» Вольга Бондарава, як бачна, надакучвае і перашкаджае сваёй актыўнасцю прадстаўнікам дзейнай улады. Але ў сілавікоў чым больш схопленых ворагаў, тым больш адчуваецца іхная патрэба. Цыганкоў згадвае чуткі аб тым, што ў 2019 годзе ГУБАЗіК быў на мяжы расфармавання – а знайшоў «нішу» ў палітычным пераследзе і чапляецца за яе.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў падчас праграмы «Двубой» у варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзень 2023 года. Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Нават ужо хтосьці і забыў, як расшыфроўваецца гэты ГУБАЗіК! – заўважае Цыганкоў. – Па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй – але зараз яны 90 % часу змагаюцца са «змагарамі», з апанентамі ўлады».

Сілавікі за Лукашэнку ці за Пуціна?

У відэа ГУБАЗіК бачна, што ў іхных кабінетах вісіць патрэт Іосіфа Сталіна, магніцік з Крымам і расейскі сцяг.  Разам з гэтым той жа Бядункевіч разважае, што гэта праціўнікі рэжыму хочуць шкоды краіне і працуюць на замежныя спецслужбы. Як гэта ўкладваецца ў галаве сілавікоў?

Цыганкоў адказвае: магчыма, у ідэалагічным сэнсе яны сапраўды больш адданыя Маскве, бо ў лукашэнкаўскай Беларусі ідэалогія заўсёды была невыразнай і эклектычнай, як не спрабавалі нешта стварыць, ды і тая цяпер зліваецца з расейскай ідэалогіяй.

Ідэалогія «рускага міру» больш простая і зразумелая, працягвае Цыганкоў, ды Уладзімір Пуцін далёка, а Лукашэнка бліжэй, ды і ў сістэме шмат гадоў ідзе негатыўны адбор, таму наўрад ці ў ёй знойдуцца людзі, здольныя на прарасейскі пратэст Лукашэнку. Калі жыццё прымушала выбіраць між Пуцінам і Лукашэнкам у 2019 годзе, вагнэраўцаў арыштоўвалі і пра падступныя дзеянні Расеі казалі. Калі зноў паўстане выбар, выберуць зноў Лукашэнку.

Фрыдман адзначае, што ў згаданым сюжэце не было відаць партрэтаў Лукашэнкі: сілавікі сябе бачаць у расейскім кантэксце, у якім іхнага працадаўцы проста няма. Ён таксама заўважае тое, з якой пагардай да сваіх праціўнікаў сілавікі выкарыстоўваюць беларускую мову.

Пра тое, што за Сталіным, партрэт якога ў іх вісіць, расстрэльвалі тых, хто расстрэльваў, гэтыя людзі не задумваюцца, лічыць Фрыдман. Яны нездольныя перавесці гістарычны досвед на сябе. Фрыдман пытае: якіх гістарычных паралеляў чакаць ад людзей, якія дэманструюць як «нацысцкую прапаганду» фільмы BBC пра нацыстаў, біяграфіі Адольфа Гітлера і навуковую літаратуру пра нацызм?

КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?

Вітаўт Сіўчык / Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны