Расея ўвяла правілы асобага ўезду на сваю тэрыторыю для грамадзянаў Украіны

Новыя правілы датычацца ўезду грамадзянаў Украіны на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі з трэціх краінаў. Для гэтага прадугледжана толькі два пемежныя пункты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Дар Ветер / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 3.0

Новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць апоўначы 16 кастрычніка. Згодна з імі ўкраінцы змогуць заязджаць у Расейскую Федэрацыю толькі праз аўтамабільны пункт пропуску «Лудонка» ў Пскоўскай вобласці і праз паветраны пункт пропуску ў маскоўскім аэрапорце Шарамецева.

Правілы распаўсюджваюцца на ўсіх грамадзянаў Украіны, старэйшых за 14 гадоў, і на дзяцей да 14 гадоў, якія перасякаюць мяжу ў суправаджэнні дарослых грамадзянаў замежных дзяржаваў.

Цікава, што ўкраінскіх дзяцей, якім яшчэ не споўнілася 14 гадоў і якія едуць з трэціх краінаў самастойна або ў суправаджэнні грамадзянаў Расеі, гэта не датычыцца.

Нагадаем, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну расейскія ўлады займаюцца дэпартацыяй украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у РФ, што з’яўляецца ваенным злачынствам. У расейскае заканадаўства былі ўнесеныя папраўкі, якія ў спрошчаным парадку дазвалюць даваць украінскім дзецям расейскае грамадзянаства і спрашчаюць працэдуру іх усынаўлення ў Расеі.

Больш за 2 000 сіротаў былі вывезены з «ЛДНР». Дзецям хочуць выдаць расейскія пашпарты для ўсынаўлення

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны