143 дзяржаўныя банкруты. Каго цяпер ліквідуюць, каго рэанімуюць – ад «Мотавела» да піяніна «Беларусь»
2021.11.07 09:09
Не толькі «Трайпл» банкрутаваў. Міністэрства эканомікі вядзе ўлік дзяржаўных арганізацыяў у працэдурах эканамічнай няздатнасці (банкруцтва). Па стане на 1 верасня 2021 года 91 прадпрыемства было на стадыі ліквідацыі, 37 яшчэ спрабавалі ўратаваць праз працэдуру санацыі.
Стары корпус заводу «Сукно» ў цэнтры Менску. 2 красавіка 2014 года. Фота: Павел Дабравольскі / ej.by
На спіс звярнуў увагу партал Zerkalo.io. «Белсат» таксама пагартаў спіс. Што цікавага ў ім:
Найбуйнейшы банкрут паводле кошту маёмасці – гаспадарка «Камароўка» з поўдня Берасцейшчыны, якая ўключае птушкафабрыку, вытворчасць пластыкавых вокнаў і дзвярэй, дрэваапрацоўку, вытворчасць кармоў. Прадпрыемства ліквідуюць, маёмасць ацэньваюць у 201,7 млн рублёў. Паводле прадпрыемства, на лета 2019 года там працавалі 1300 чалавек.
У Барысаўскага прадпрыемства музычных інструментаў налічылі маёмасці толькі на 1545 рублёў і 91 капейку. Ліквідуюць прадпрыемства, якое працавала з 1935 года і вырабляла шырокавядомыя піяніна «Беларусь».
У некалькі дзясяткаў тысяч рублёў ацанілі Барысаўскую швейную фабрыку, Слуцкі піваварны завод, «Баранавічыдрэў», «Гомельгазбуд», Наваградскі грузавы аўтамабільны парк, Бабруйскі завод напояў…
У стадыі ліквідацыі завод «Сукно», які называў сябе найбуйнейшым у Беларусі вытворцам тэкстылю. Старыя памяшканні заводу – тая руіна блізу менскай плошчы Незалежнасці.
Ліквідуюць таксама Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод, Барысаўскі кансервавы завод і Барысаўскі крышталёвы завод імя Дзяржынскага, «Дываны Брэста», магілёўская швейная фабрыка «Вяснянка», Маладзечанскі завод металавырабаў, Менскі завод будаўнічых матэрыялаў, Мёрскі льнозавод…
«Бабруйсктранс» яшчэ не ліквідуюць, ідзе конкурсная вытворчасць (глядзяць на патрабаванні крэдытораў і маёмасць прадпрыемства). Сем гадоў таму кіроўцы «Бабруйсктранса» вазілі грузы на Каўказ і ў Сібір.
Кіроўную кампанію холдынгу «Забудова» спрабуюць уратаваць санацыяй. Комплексны будаўнічы камбінат з чатырох заводаў – у ліку найбуйнейшых у Беларусі, на рынку быў 30 гадоў. Цяпер маёмасць кіроўнай кампаніі холдынгу ацэньваюць у 53 млн рублёў.
На стадыі санацыі таксама Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Гомельскі і Пінскі вінаробчыя заводы, Гомельскі тлушчавы камбінат, Маладзечанскі завод металаканструкцыяў, магілёўскі завод «Строммашына», Менскі завод ацяпляльнага абсталявання,
Шматпакутнае «Мотавела» ліквідуюць, маёмасці ў яго на 48,8 млн рублёў. У 1990-х гадах «Мотавела» выкупіў канадскі інвестар, а ў 2004-м – хацеў набыць італьянскі вытворца скутараў «Каджыва». Але профільнаму заходняму інвестару Лукашэнка пастанавіў прадпрыемства не прадаваць. Замест гэтага – спачатку нацыяналізаваў завод і арыштаваў уладальніка (яго асудзілі на 11 гадоў турмы), потым аддаў яго афшорнай аўстрыйскай кампаніі, а затым зноў забраў назад. Банкрутам «Мотавела» прызналі яшчэ ў 2018-м. На месцы заводу ўлады ўяўляюць «тэхнапарк».