Сярод расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер у Беларусі, назіраецца выбух захворвання, для пераадолення якога з Расеі тэрмінова скіроўваюць вайсковых медыкаў. Пра гэта паведаміла «РБК-Україна» са спасылкаю на Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны.
Паведамляюць, што на тэрыторыю Беларусі ўсцяж перакідвацца падраздзяленні Узброеных сілаў РФ, якія пераважна складаюцца з так званых часткова мабілізаваных. Як зазначае ўкраінская выведка, галоўная задача гэтага мабілізаванага кантынгенту – рыхтаванне матэрыяльнай базы і месцаў размяшчэння іншых вайсковых падраздзяленняў з Расеі.
Пры гэтым мабілізаваныя жывуць у непрыстасаваных антысанітарных умовах, пераважна ў палявых намётах. Таму сярод іх сёння адзначаюць выбух розных хваробаў, у асноўным дыхальных шляхоў – бранхіт, ангіна, пнеўманія, абвастрэнне астмы. Акрамя таго, інфекцыю страўнікава-кішачнага тракту звязваюць з незахаваннем элементарных патрабаванняў для вайсковых лагераў адносна гігіены, якаснага харчавання і медычнага забеспячэння.
«Цяпер маштабы захворванняў такія, што беларускія медыкі не здольныя справіцца з імі. Акупанты вымушаныя ў тэрміновым парадку адпраўляць у Беларусь вайсковых і мабілізаваных медыкаў з РФ», – гаворыцца ў паведамленні ўкраінскай выведкі.
Чарговыя медычныя работнікі з Расеі неўзабаве павінны прыбыць на 230-ы агульнавайсковы палігон Заходняга АК Узброеных сілаў Беларусі (палігон «Абуз-Лясноўскі»).
Антон Тачняк belsat.eu