Праваабаронца Андрэй Палуда: Улады па-ранейшаму лічаць наяўнасць смяротнага пакарання фактарам стрымлівання

Беларускія ўлады ўзялі курс на заканадаўчае пашырэнне смяротнага пакарання, якое неўзабаве можа прывесці і да пашырэння практыкі. Аб гэтым заявіў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

Андрэя Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

Праваабаронца Андрэй Палуда пракаментаваў прыняцце 7 снежня дэпутатамі Нацыянальнага сходу ў першым чытанні законапраекта, які прадугледжвае магчымасць прымянення смяротнага пакарання за здраду дзяржаве ў адносінах да дзяржаўных служачых і вайскоўцаў у мэтах стрымлівання «дэструктыўных элементы, а таксама дэманстрацыі змагання са здрадай дзяржаве».

«Мы бачым устойлівую тэндэнцыю на заканадаўчае пашырэнне магчымасцяў прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі. Пакуль што заканадаўчае, але ж не выключна, што зможам пабачыць і практычнае пашырэнне прымянення», – заяўляе Андрэй Палуда.

Паводле праваабаронцы, факт прыняцця паправак у заканадаўства, звязанае са смяротным пакаранне, сведчыць адразу аб некалькіх важных рэчах: улады лічаць смяротнае пакаранне фактарам стрымлівання, смяротнае пакаранне пашыраецца на чыноўнікаў і вайскоўцаў і сам факт пашырэння кажа пра нейкія глыбінныя працэсы ў грамадстве.

«Улады па-ранейшаму лічаць наяўнасць смяротнага пакарання стрымліваючым фактарам, які, на іх думку, можа папярэдзіць здзяйсненне пэўных непажаданых для ўладаў дзеянняў», – падкрэсліў каардынатар праваабарончай кампаніі.

Палуда таксама звяртае ўвагу на тое, што субʼектамі гэтых зменаў з’яўляюцца дзяржаўныя служачыя і грамадзяне са статусам вайсковага служачага. «Гэта сведчанне таго, што «гайкі закручваюцца» у адносінах «людзей государевых», як вельмі часта любяць сябе называць беларускія чыноўнікі і сілавікі, – падкрэслівае праваабаронца. – Тады як красавіцкія змены заканадаўства, звязаныя са смяротным пакараннем, былі накіраваныя на больш шырокія масы і хутчэй за ўсе былі прадыктаваны антываеннымі дзеяннямі грамадзян Беларусі, у тым ліку і на дзеянні так званых рэйкавых партызан».

Праваабаронца таксама мяркуе, што такія змены ў заканадаўстве адлюстроўваюць нейкія рэальныя але скрытыя настроі і працэсы ў грамадстве. «Такія сур’езныя змены ёсць яскравым індыкатарам працэсаў (іх глыбіні і масавасці), якія адбываюцца ў грамадстве, і якія з-за не магчымасці ў сённяшніх умовах працы сацыялогіі ў Беларусі скрытыя ад нас і не бачныя», – адзначыў праваабаронца.

«Тое, аб чым мы, праваабаронцы, увесь час «крычалі» – што наяўнасць і практыка прымянення смяротнага пакарня гэта вялікая праблема грамадства, якая датычна кожнага з нас, праяўляецца ў тым ліку і ў такіх заканадаўчых ініцыятывах, якія ў хуткім часе могуць быць рэалізаваныя на практыцы», – зрабіў выснову Андрэй Палуда.

У Беларусі могуць увесці смяротную кару за здраду дзяржаве – для чыноўнікаў і вайскоўцаў

Раней паведамлялася, што 7 снежня Палата прадстаўнікоў НС РБ прыняла ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае змены кодэксаў крымінальнай адказнасці. З дакументу вынікае, што за здраду дзяржаве можа быць ужытае смяротнае пакаранне.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны