У жніўні – кастрычніку 2023 года абʼём новай абяцанай дапамогі для Украіны з боку краінаў Захаду скараціўся амаль на 90 % у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Пра гэта паведамляе «Європейська правда» са спасылкай на даследаванне Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі.
Паведамляецца, што ў перыяд са жніўня да кастрычніка 2023 года агульны кошт новых пакетаў дапамогі склаў 2,11 мільярда еўраў – гэта самы нізкі паказнік са студзеня 2022 года.
Актыўна Украіне дапамагаюць Нямеччына, Фінляндыя, Ірландыя, Харватыя, Літва, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Швецыя і Швейцарыя, а таксама Канада і Вялікая Брытанія.
ЗША застаюцца найбуйнейшым донарам вайсковай дапамогі з агульным абʼёмам 44 мільярды еўраў. Аднак Нямеччына паступова даганяе іх з вайсковымі абавязкамі на агульную суму, большую за 17 мільярдаў еўраў.
З агульных 25 мільярдаў еўраў, абяцаных на цяжкое ўзбраенне (студзень 2022 года – кастрычнік 2023-га), 43 % прыпадае на ЗША і 47 % – на ўсе краіны і інстытуты ЕЗ, разам узятыя.
Нагадаем, напярэдадні Рэспубліканская партыя ў Сенаце ЗША заблакавала спробу прыняць законапраект, што прадугледжвае вылучэнне дапамогі Украіне і Ізраілю. Белы дом папярэдзіў, што сродкі ЗША для Украіны могуць неўзабаве скончыцца.
Глеб Нержын belsat.eu