У класах да +8 °С, але заняткаў не адмяняюць. На Меншчыне школа засталася без ацяплення

Нягледзячы на вялікія маразы, вучні адной са школаў у Менскай вобласці вучацца ў будынку, што зусім не ацяпляецца. І дадому іх ніхто не адпускае, піша «KYKY».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

У адным з раёнаў Менскай вобласці школа не ацяпляецца ўжо некалькі дзён пасля нядаўняй аварыі на мясцовай кацельні. У выніку дзеці і настаўнікі вымушаныя сядзець на ўроках у куртках, бо тэмпература ў класах складае ад +6 да +8 °С.

Чыноўнікі не дазволілі адмяніць заняткі, каб «не парушаць навучальнага працэсу». Праўда, у школе скарацілі час пераменаў паміж урокамі, каб дзеці пайшлі дадому крыху раней.

Тым часам Міністэрства энергетыкі паведаміла, што ва ўмовах моцных маразоў павысіла тэмпературу ў цепласетках краіны. У залежнасці ад рэгіёну яна складзе да 105 °С.

«Узмоцнены кантроль за працаю цеплавых сетак, павялічаная колькасць іх абыходаў, дзяжурства персаналу арганізаванае ў кругладзённым рэжыме», – заявілі ў ведамстве.

МНС папярэдзіла беларусаў пра аранжавы ўзровень небяспекі з увагі на моцны мароз 8 студзеня. На поўначы Беларусі тэмпература паветра ноччу мусіць скласці да -25…-29 °C.

Піўная поліўка, крупнік, збіцень: беларускія альтэрнатывы глінтвейну

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны