Усё выглядае змрочна. Але гэта толькі ў моманце

Міхаіл
Кірылюк
Юрыст

Новы год пачаўся з вельмі заўважнай і адчувальнай палітычнай роспачы. У моманце ўсё сапраўды выглядае даволі змрочна. Але калі мы параўнаем сённяшнюю сітуацыю з тым, што было ў пачатку 2020 года, то акажацца, што час працуе не на карысць уладаў Беларусі. Пазіцыі Лукашэнкі зусім не такія ўстойлівыя, як здаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Усё змрочна

Сітуацыя сапраўды цяжкая. У турме сядзяць ужо каля 5 тысяч бязвінных патрыётаў Беларусі, і няма ніякіх прыкметаў, што ў іх ёсць добрыя шанцы ў хуткім часе ўбачыць свабоду. Вярнуць яе сілай цяпер таксама немагчыма – сілавы рэсурс несупастаўны.

З Віктарам Бабарыкам, Марыяй Калеснікавай, Максімам Знакам, Міколам Статкевічам – палітыкамі, якія пагражаюць уладзе Аляксандра Лукашэнкі, – ужо больш за паўгода няма сувязі.

З краіны з’ехалі, напэўна, ужо паўмільёна прыхільнікаў дэмакратыі. Гэта ў асноўным маладыя, актыўныя і нябедныя людзі. Калі яны захочуць вярнуцца – незразумела. Ды і ці захочуць наогул? Бо нават пасля перамогі дэмакратычных сілаў, што яшчэ незразумела калі наступіць, Беларусь хутчэй за ўсё чакаюць дзесяцігоддзі палітычнай турбулентнасці, якая звычайна спадарожнічае пабудове маладых дэмакратыяў.

Навошта марнаваць свой час на пабудову жыцця ў краіне, плёнам чаго ў найлепшым выпадку змогуць скарыстацца дзеці, калі можна жыць у дэмакратычнай еўрапейскай краіне ўжо цяпер?

Расея, якая апошнія 30 гадоў застаецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі, пачала ганебную вайну, у якой адміністрацыя Лукашэнкі дапамагае ваенным злачынцам.

Шанцы для палітвязняў выйсці на волю да канца вайны вельмі нізкія. Тое ж тычыцца магчымасці для палітычных уцекачоў вярнуцца ў краіну да паразы Расеі.

Нягледзячы на санкцыі і эканамічную дапамогу Украіне, Расея не толькі ўсё яшчэ існуе і працягвае весці ваенныя дзеянні, але і здольная фінансава падтрымліваць адміністрацыю Лукашэнкі. З сённяшняга гледзішча выразнай перспектывы завяршэння вайны не відаць.

Як можа (не) здарыцца, што Беларусь стане свабоднай

Трэба ўбачыць перспектыву безвыходнасці

Дазволю сабе заўважыць, што ў роспач нас прыводзіць не сама сітуацыя, а няправільная ацэнка яе перспектываў. Каб з гэтай безвыходнасці ўбачыць перспектыву, трэба аналізаваць дынаміку.

Возьмем за зыходны пункт Беларусь да 1 студзеня 2020-га. Што тады было?

Лукашэнка быў бясспрэчным прэзідэнтам. Ні адзін з аналітыкаў на планеце не разглядаў усурʼёз, што ў кагосьці ёсць шанцы заняць ягонае месца. Успомнім, як сурʼёзныя аналітыкі і дзяржаўныя дзеячы рэагавалі на згоду Ціханоўскай балатавацца.

Пераўтварэнне ў квазігубернію Расеі разглядалася ледзь не як адзіная альтэрнатыва Лукашэнку.

А цяпер возьмем для параўнання Беларусь пачатку 2024 года.

Ужо ніхто, уключаючы самога Лукашэнку, не верыць у ягоную папулярнасць. Кожны дзень ідуць арышты паводле палітычных матываў. У краіне, дзе большасць любіць прэзідэнта, такое проста немагчыма.

У Лукашэнкі ёсць «Kipod» і фота- ды відэазапісы з камераў назірання і ДАІ, а гэта значыць, што ў ягонай адміністрацыі ёсць уся інфармацыя для таго, каб пасадзіць у турму хоць 200 тысяч беларусаў.

Гэта тое, у што многія з нас дагэтуль не вераць, – колькасць арыштаў у Беларусі абмежаваная не наяўнасцю звестак аб пратэстоўцах, а фізічнаю здольнасцю ўтрымліваць у турме пэўную колькасць людзей пры захаванні балансу паміж узроўнем штодзённага падтрымання тэрору і страхам страціць кіравальнасць.

Абстаноўка ў краіне ўжо тры гады захоўваецца настолькі небяспечная, што вызваленне з турмы палітычных лідараў у адміністрацыі Лукашэнкі лічаць пагрозай уласнаму існаванню. У адваротным выпадку, іх ужо даўно спрабавалі б абмяняць на зняцце санкцыяў, як дзесяць гадоў таму.

У Еўрапарламенце заклікаюць Міжнародны крымінальны суд да выдачы ордару на арышт Лукашэнкі як міжнароднага злачынцы – гэта здавалася немагчымым у 2020-м. Пракуратура Польшчы абвяшчае шэсць кіраўнікоў лукашэнкаўскіх сілавікоў у міжнародны вышук – гэта здавалася немагчымым у 2021-м.

На міжнародным узроўні адміністрацыя Лукашэнкі – ізгой. Перамогай лічацца фотаздымкі паціскання рукі з лідарамі спустошаных афрыканскіх краінаў у стане вайны.

Кабінет Ціханоўскай ёсць асноўнай кропкай кантакту для дыпламатаў ЕЗ І ЗША. Тады як крытыка Кабінету Ціханоўскай становіцца галоўным наратывам дзяржаўнай прапаганды.

Адміністрацыя Лукашэнкі не прапаноўвае беларусам ніякай стратэгіі, акрамя «знішчым ворагаў і тады зажывём».

Згадзіцеся, гэта немаленькі зрух для трох гадоў актыўнай барацьбы ў параўнанні з трыццаццю гадамі бесперапыннага праўлення.

Усё разам выглядае як тупік для абодвух бакоў, але выгадны ў моманце толькі аднаму з іх, які ўтрымлівае кантроль тэрыторыі.

Нягледзячы на намаганні прапаганды паказаць, што «нам нікуды выходзіць не трэба, нам і так добра», мы разумеем, што гэта не так. Таму пастаянна расце колькасць нявінных у турмах, палітычнае напружанне не зніжаецца, як хацелася б уладам, а, наадварот, расце.

Час працуе не на карысць улады, а супраць яе. Ва ўмовах санкцыяў і адсутнасці электаральнай легітымнасці адзіная апора ўлады – гэта расейская вайсковая і фінансавая дапамога. На гэтую дапамогу з упэўненасцю можна разлічваць датуль, пакуль Расея вядзе вайну ва Украіне і працягвае мець патрэбу ў Беларусі як плацдарме для сваіх вайсковых пагрозаў.

«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе

Не такі ўжо ён трывалы, гэты расейскі фактар

Але ці перамагае Расея ў гэтай вайне? Года і дзесяці месяцаў ужо дастаткова, каб бачыць некаторую дынаміку развіцця сітуацыі. Для Крамля ні адна з мэтаў вайны не дасягнутая – Кіеў не ўзяты, і нават палова Украіны (паводле Дняпра, як планавалася) не акупаваная. Поспехам для РФ можна лічыць працягласць лініі фронту, што дазволіла арганізаваць сухапутны калідор да Крыму.

Украіна ж прадэманстравала здольнасць эфектыўна абараняць уласныя тэрыторыі і наносіць удары па Чарнаморскім флоце, вайсковых абʼектах у Крыме і на тэрыторыі РФ, уключаючы Маскву. Тое, што ЗСУ атакуе не так хутка, як чакалася, расейская прапаганда ўжо выдае за поспех. Параўнаем гэта з чаканнямі першых дзён вайны, калі Украіне прадказвалі паразу менш як за месяц і пагражалі нанесці ядравыя ўдары, калі ЗСУ наважацца атакаваць тэрыторыю РФ.

Калі параўнаць вайсковыя бюджэты саюзнікаў за 2022 год, то гэтая не тая сітуацыя, што можа абнадзеіць адміністрацыю Лукашэнкі:

ЕЗ – 249 млрд долараў, ЗША – 877, Канада – 27, Аўстралія – 32, Вялікая Брытанія – 69, разам 1,25 трлн.

РФ – 83 млрд долараў, Іран – 5,5, Паўночная Карэя – 4,5, Венесуэла – 1,9, Беларусь – менш за 1. Разам 96 млрд долараў.

Розніца паміж вайсковымі бюджэтамі ЗША і РФ больш чым 10 разоў, а паміж групамі саюзнікаў дыстанцыя ў фінансаванні яшчэ больш значная – 13 разоў. У гэтай дынаміцы ў адміністрацыі Лукашэнкі перспектываў выйсці з палітычнага крызісу не так ужо шмат.

Якія варыянты ёсць у Лукашэнкі?

Што ў гэтай сітуацыі застаецца Лукашэнку? Вылучым некалькі варыянтаў транзіту ўлады, што ўмоўна спрыяльныя для адміністрацыі Лукашэнкі.

Першае – гэта заставацца прэзідэнтам да смерці. Спакушальна, адзіны мінус гэтай стратэгіі тое, што смерць – гэта пераемнік, які прыходзіць раптоўна. Да яе прыходу падрыхтавацца немагчыма. У перыяд безуладдзя сямʼя дыктатара, што засталася без абароны, можа сурʼёзна страціць. Прычым рызыкі для яе ствараюць не столькі дэмакратычныя палітыкі, колькі беларускія сілавікі і Крэмль.

Па-другое, можна перадаць паўнамоцтвы УНС. Самы рацыянальны варыянт, які падтрымліваўся галоўным хаўруснікам – Крамлём – і, здавалася, быў прыняты самім Лукашэнкам. Але да гэтага часу УНС больш нагадвае Саюзную дзяржаву – пустыя дэкларацыі плюс цёплыя месцы для яшчэ некалькіх сотняў чыноўнікаў без сутнасных зменаў у цэнтрах прыняцця рашэнняў.

Могуць быць і прымусовыя варыянты транзіту. Напрыклад, вымушаная перадача ўлады пасля ваеннай паразы РФ.

Улічваючы суадносіны бюджэтаў саюзнікаў, параза РФ у вайне супраць Украіны ў асноўным пытанне часу і залежыць ад тэмпаў вайсковай дапамогі Украіне.

У момант, калі расейскае войска нарэшце пацярпіць паразу і будзе выгнанае з Украіны, мэтазгоднасць безлімітнага фінансавання адміністрацыі Лукашэнкі для Крамля драматычна паменшыцца. З улікам санкцыяў і зніжэння магчымасцяў гандлю з ЕЗ паўстане пытанне крыніцаў фінансавання дзяржаўных прадпрыемстваў. Пры адсутнасці хуткіх уліванняў затрымка заробкаў можа выклікаць паўторнае кола пратэстаў.

Крэмль ва ўмовах сваёй ваеннай паразы можа паставіць пытанне рубам – або поўнае ўключэнне механізмаў зліцця, прадугледжаных дамовай Саюзнай дзяржавы (дзе прысутнічаюць і агульны парламент, і выканаўчыя наддзяржаўныя органы, і адзіная валюта), або поўнае спыненне фінансавання, як варыянт – патрабаванне вяртання атрыманых раней крэдытаў.

У гэтай сітуацыі, як гэта ні парадаксальна гучыць, для адміністрацыі Лукашэнкі можа быць бяспечней пачынаць круглы стол з дэмакратычнымі сіламі, чым са сталічнага ўраду ператварацца дэ-факта ў чыноўнікаў аднаго з субʼектаў федэрацыі.

Якім бы немагчымым ні здаваўся гэты сцэнар цяпер(улічваючы рыторыку абодвух бакоў), у перспектыве могуць скласціся гістарычныя ўмовы, неабходныя для яго ажыццяўлення. Сярод іх:

– ужо згаданая параза расейскага войска і сыход з тэрыторыі Беларусі, што спыняе неабходнасць выкарыстання нашай тэрыторыі як плацдарму для пагрозаў Украіне, Польшчы і Літве;

– няздольнасць або нежаданне Расеі працягваць фінансаванне адміністрацыі Лукашэнкі;

– жорсткая пазіцыя ЕЗ, што ўвязвае зняцце санкцыяў з пачаткам дэмакратычнага працэсу ў Беларусі (падрабязней пра названыя фактары – у гэтым артыкуле).

У адміністрацыі Лукашэнкі таксама не лічаць гэты сцэнар занадта фантастычным. Пра гэта кажа, у тым ліку, прыняцце паправак у закон «Аб прэзідэнту», пры дапамозе якіх аўтары спрабуюць дапамагчы былому прэзідэнту пазбегчы крымінальнай адказнасці.

Тое, што цяпер здаецца жахлівым, у недалёкай будучыні можа выглядаць нядрэннай альтэрнатывай – умовы ў беларускіх турмах, вядома, не цукар, але лепш за расейскі «Навічок» для здраднікаў.

«Выжыць і стварыць структуры». Што можна проста зараз рабіць для пераменаў у Беларусі?

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў