Еўразвяз лічыць рэжым Лукашэнкі суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны

Еўразвяз заклікае Беларусь не ўдзельнічаць у расейскай агрэсіі і выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы.

«Расея пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў якасці суагрэсара нясе поўную адказнасць за гібель людзей, траўмы і разбурэнні», – гаворыцца ў заяве, прынятай падчас спецыяльнага паседжання Пастаяннай Рады АБСЕ, якое адбылося ў Вене 7 сакавіка.

«Поўнамаштабная вайна прэзідэнта Пуціна супраць Украіны ёсць грубым парушэннем міжнароднага права і Статуту ААН і падрывае еўрапейскую і глабальную бяспеку і стабільнасць, – зазначаецца ў тэксце заявы. – Гістарычная рэзалюцыя ГА ААН на мінулым тыдні паказала, што міжнародная супольнасць згодна выступае супраць расейскай захопніцкай вайны».

Еўразвяз пашырае эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Еўразвяз патрабуе ад Расеі «неадкладна спыніць свае ваенныя дзеянні, вывесці ўсе свае войскі з усёй тэрыторыі Украіны і цалкам паважаць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў і тэрытарыяльных водаў», а таксама спыніць кампанію дэзынфармацыі і кібератакаў.

Пад санкцыі Еўразвязу трапілі яшчэ 22 высокапастаўленыя беларускія вайскоўцы

«Мы таксама паўтараем наш заклік да Беларусі не садзейнічаць расейскай агрэсіі і выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы. ЕЗ рашуча падтрымлівае неадʼемнае права Украіны на самаабарону, а таксама намаганні ўкраінскіх Узброеных сілаў для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і насельніцтва Украіны ў адпаведнасці з артыкулам 51 Статуту ААН», – гаворыцца ў заяве Рады АБСЕ.

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны