Кантроль на выезд за межы Беларусі паслабілі, але не цалкам

Памежны кантроль пры выездзе з Беларусі стаў менш строгім у параўнанні з першым тыднем пасля дыверсіі супраць расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на трох асобаў, якія перасякалі мяжу ў розныя дні ў розных пунктах.

Беларуская мяжа. Фота: onliner.by

У першы тыдзень пасля дыверсіі ў Мачулішчах кантроль на межах Беларусі быў узмоцнены. Супрацоўнікі спецслужбаў на мяжы правяралі ў людзей тэлефоны, рэчы з багажу вытрасалі, мужчынаў дапытвалі.

Цяпер на выездзе тэлефонаў не правяраюць, не дапытваюць, але багаж праганяюць праз рэнтген-апарат, што раней рабілі толькі на ўездзе.

Што датычыць уезду ў Беларусь, то дадатковых захадаў кантролю няма. Толькі людзям, у пашпартах якіх ёсць штампы пра наведванне Украіны, задаюць дадатковыя пытанні пра прычыны паездак.

Рыхтавалі СБУ і ЦРУ. Лукашэнка пацвердзіў падрыў самалёту А-50 у Мачулішчах

Нагадаем, што 7 сакавіка Лукашэнка пацвердзіў атаку  на расейскі самалёт А-50, якая адбылася 26 лютага, у выніку чаго лятак быў пашкоджаны і вымушаны рушыць на рамонт у Расею. Ён таксама распавёў пра затрыманне больш як 20 асобаў, нібыта датычных да атакі.

Пасля словаў Лукашэнкі пра затрыманне датычных да дыверсіі ў Мачулішчах, дзяржтэлеканалы апублікавалі відэа з затрыманнем «тэрарыста СБУ», нібыта датычнага да падрыву расейскага вайсковага самалёта.

На відэа мужчына кажа, што яго клічуць Швец Мікалай Уладзіміравіч, ён нарадзіўся 5 красавіка 1993 года, грамадзянін Украіны. Таксама на відэа мужчына кажа, што ён той самы Мікалай Швец, якога беларускія сілавікі шукалі тыдзень таму. Нібыта ён прыехаў спачатку ў Расею з расейскім пашпартам, а потым у Беларусь, дзе і здзейсніў «тэракт». Арганізатарам назваў СБУ.

Аднак кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» зноў заявіў, што ў Беларусі няма нікога, хто ўдзельнічаў у дыверсіі.

Кіраўнік «ByPol» растлумачыў гнеўны спіч Лукашэнкі пра А-50 незадаволенасцю Крамля

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны