«Ніякае зло не схаваецца ў бункеры». Зяленскі запісаў эмацыйны зварот у Барадзянцы

У Барадзянцы, нядаўна вызваленай ад расейскіх войскаў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў відэазварот да народу. У гэтым прадмесці Кіева былі зафіксаваныя ваенныя злачынствы супраць цывільнага насельніцтва. Відэазварот быў прысвечаны сучаснай вайне ва Украіне і падзеям 8 траўня 1945 года. 8 траўня ва Украіне адзначаюць як Дзень памяці і прымірэння.

Зяленскі заявіў, што сучасныя вайскоўцы Украіны, як і ўсе грамадзяне Украіны, – нашчадкі тых, хто перамог нацызм. Ён адзначыў, што ўкраінцы зноў здабудуць перамогу.

Паводле яго, у Другой сусветнай вайне вайскоўцы гінулі за тое, каб фашысцкія жахі не паўтарыліся, але «адбылося інакш, і гэта несправядліва ў дачыненні іх усіх». Ён падкрэсліў, што продкі даказалі: «Ніводнае зло не пазбегне адказнасці, не зможа схавацца ў бункеры. Ад яго не застанецца каменя на камені».

«Але праўда пераможа, і мы ўсё пераадолеем. І доказ гэтаму мае назву «Вэрвальф» – гэта былая стаўка і бункер Гітлера каля Вінніцы. І ўсё, што ад яе засталося, – некалькі камянёў, руіны, разваліны таго, хто лічыў сябе вялікім і непераможным», – адзначыў прэзідэнт Украіны.

Прэзідэнт Зяленскі лічыць, што Расея спрабуе рэканструяваць Другую сусветную, а таксама перасягнуць «настаўніка», стаць найвялікшым злом у гісторыі чалавецтва.

Барадзянка, Украіна. Фота: асабісты архіў Яўгена Жураўскага

«У гэтым годзе мы гаворым «ніколі зноў» іначай. Мы чуем «ніколі зноў» іначай. Гэта гучыць балюча і жорстка. Без клічнікаў, але з пытальнікам. Вы кажаце: «Ніколі зноў?» Раскажыце пра гэта Украіне».

Зяленскі ўпэўнены, што пасля вайны зноў усталюецца трывалы мір у рэгіёне.

«І зноў будзе мір – нарэшце зноў. Мы пераадолеем зіму, якая пачалася 24 лютага і працягваецца 8 траўня, але дакладна скончыцца, і яе растопіць сонца», – падкрэсліў Зяленскі.

Паводле яго, над часова акупаванымі гарадамі і сёламі неўзабаве зноў залунае сцяг Украіны.

ЗХ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны