Украіна знішчыла ўсе 35 расейскіх дронаў, што атакавалі Кіеў. Ракетамі абстралялі Адэсу

У ноч на 8 траўня расейскія войскі атакавалі Кіеўшчыну ўдарнымі дронамі іранскай вытворчасці «Shahed-136/131». Былі ўжытыя 35 ударных БПЛА, якія вылецелі з аэрадрому Сешча ў Бранскай вобласці РФ, паведамілі ў Паветраных сілах Украіны.

Вынікі абстрэлу Адэсы ў ноч на 8 траўня 2023 года. Фота: Одеська Районна Військова Адміністрація / Telegram

Як адзначаюць, украінскія вайскоўцы знішчылі ўсе 35 «Shahed-136/131».

«Вораг павялічвае шчыльнасць паветраных нападаў на Кіеў. Толькі з пачатку траўня, за першыя 8 дзён месяца рашысты здзейснілі ўжо 4 паветраныя атакі!» – адзначыў начальнік Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко.

У Кіеве ў выніку падзення абломкаў дронаў ёсць пашкоджаныя дамы, дарожнае пакрыццё, аўтамабілі. Таксама вядома пра пяцёх траўмаваных.

Каля паўночы расейскія войскі атакавалі Адэсу з бамбавікоў далёкай авіяцыі Ту-22М3. Усяго ажыццёўленыя восем пускаў з раёну мысу Тарханкут у Крыме. Частка ракетаў не дасягнула цэляў. Але адна ракета патрапіла ў склад харчовага прадпрыемства, у выніку чаго здарыўся моцны пажар, паведамілі ў Адэскай раённай вайсковай адміністрацыі.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны