Улады Беларусі назвалі кошт квадратнага метра жытла. Ён меншы за сярэдні заробак

Сярэдні заробак у Беларусі перавышае кошт квадратнага метра жытла. Пра гэта ў эфіры «Беларусь 1» распавёў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Кошт квадратнага метра жытла, уведзенага ў першым квартале, сярэдне ў краіне склаў 1500 рублёў, а з дзяржаўным падтрыманнем гэта 1445 рублёў. Сярэдні заробак у краіне за гэты ж перыяд – 1730 рублёў. Адпаведна, каэфіцыент 0,83», – адзначыў міністр.

З ягоных словаў, колькасць замоваў для будаўнікоў расце. Гэтак, за першы квартал трэба было ўвесці 15 % ад агульнага ўводу і 15 % ад уводу жытла з дзяржаўным падтрыманнем. Замест гэтага ўвялі 20 % агульнага ўводу і каля 23 % – з дзяржаўным падтрыманнем.

Руслан Пархамовіч таксама адзначыў, што актуальны кошт будаўнічых матэрыялаў можна адсочваць на «Дзяржбудпартале». Паводле яго, за першы квартал кошт будаўнічых матэрыялаў знізіўся.

Што чакае доўгабудоўлі

Міністр паведаміў, што ведамства рыхтуе новыя змены ў заканадаўства, каб паменшыць у краіне колькасць доўгабудоўляў. З ягоных словаў, за 2022 год колькасць незавершаных аб’ектаў зменшылася на 1500, а сёлета чакаецца, што іх стане менш яшчэ на 900. У выніку застанецца каля 500 доўгабудоўляў.

«Ёсць праблемныя пытанні, што без карэктавання дзейнага заканадаўства не могуць быць уладкаваныя. Гэта пытанні спісання абʼектаў, што нікому не патрэбныя», – сказаў Пархамовіч.

Паводле яго, міністэрства плануе да восені падрыхтаваць шэраг нарматыўна-прававых актаў, што палегчаць працэдуры для мясцовых уладаў і прыватных інвестараў.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны