Гэты Дзень Перамогі…

Любоў
Лунёва
Журналістка

8 траўня ўвесь цывілізаваны свет адзначае Дзень Перамогі. Цікава, што сёння ўсё менш застаецца людзей на прасторы былога СССР, якія называюць гэтую дату «еўрапейскім» Днём Перамогі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына з кветкамі ля савецкага мемарыялу пасля мірнага сходу ў Дзень перамогі ў Еўропе. Варшава, Польшча. 8 траўня 2022 года. Фота: Bianca Otero / Zuma Press / Forum

Наогул, калі заходзіць гаворка пра гістарычныя даты, асабліва, калі яны датычацца перыяду найноўшай гісторыі, то мы, сучаснікі, маем сёння ўнікальную магчымасць супастаўляць факты і назіраць, як змяняюцца адносіны да той ці іншай даты ў залежнасці ад змены палітычнай сітуацыі. Найбольш у гэтым сэнсе пашанцавала людзям майго пакалення, якія жылі яшчэ ў БССР. Зразумела, што свята адзначалася 9 траўня. Непрацоўным днём яго зрабілі толькі праз 20 год пасля перамогі. Тады, у 1965-ым, прайшоў парад на Краснай плошчы і ветэранам далі сякія-такія льготы.

Але я памятаю тое, што было пазней – 70-е. Памятаю, як у Менску ў уваходу ў парк ім.Горкага стаялі жанчыны з фатаграфіямі сваіх мужоў, бацькоў, сыноў. Раптам хто даведаецца? Многія мужчыны, якія стаялі на тым пятачку, ведалі страшную праўду вайны, але маўчалі. Няўжо можна было распавесці аб тысячах забітых суайчыннікаў ад рук СМЕРШ? А пра злачынныя загады камандзіраў узняць на нейкую трубу сцяг, калі ў горадзе яшчэ ва ўсю ішлі баі, а кожны баец са сцягам на вышцы гэта мішэнь? Усё роўна колькі трупаў валялася каля якой-небудзь воданапорнай вежы – важна было быць першым, а дакладней быць заўважаным першым для камандавання, каб атрымаць узнагароду. Мясныя штурмы не сёння прыдумалі. А што жаўнеры? Як гаварыў маршал Жукаў: «Бабы яшчэ нараджаюць». А колькі жаўнераў згінула ад іншых дурных загадаў? А колькі ад хвароб і голаду ў палоне?

Тады гэты дзень быў хутчэй за днём смутку. Людзі паміналі тых, хто не вярнуўся з вайны ці загінуў у акупацыі. Распавядалі, як самім удалося выжыць. Пазней у школу сталі прыходзіць ветэраны і расказваць пра вайну. Але расказвалі пра подзвігі і ваенныя аперацыі. Пра сапраўдную вайну ніхто з іх ні разу не сказаў ні слова. Ці наўрад тады ў часы халоднай вайны савецкія школьнікі ведалі, што еўрапейскія краіны адзначаюць Дзень Перамогі 8 траўня. Іншая справа сённяшнія школьнікі. Але ёсць нюанс – сённяшнія школьнікі ў Расеі і ў іншых былых савецкіх рэспубліках маюць розную інфармацыю.

«Победобесие». Вось прыклад таго да чаго прыводзіць замена ведаў ідэалогіяй. Спытаць сёння расейскага школьніка хто такія нацысты, ён не задумваючыся скажа, што гэта ўкраінцы. Ну, а ўкраінскім школьнікам нават няма сэнсу задаваць такое пытанне. Менавіта сёння Украіна адзначае Дзень Перамогі разам з усім цывілізаваным светам. І за гэта яна атрымала да свята «падарунак» – больш за 50 ракет і больш за 20 «шахедаў» па інфраструктуры ў Львоўскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Палтаўскай, Кіраваградскай, Запарожскай і Івана-Франкоўскай абласцях.

Усё здарылася ноччу. А раніцай прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў гэты Дзень памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне, (так зараз там называецца Дзень Перамогі) напісаў у тэлеграме: «Увесь свет павінен дакладна разумець, хто ёсць хто. Увесь свет не мае права даць яшчэ адзін шанц нацызму».

Як праз пару гадоў будзе называцца Дзень Перамогі, час пакажа. Пакуль жа ў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і ў некаторых іншых краінах Еўразвязу гэты дзень называецца Дзень перамогі ў Еўропе. У Польшчы – Нацыянальны дзень перамогі, у Чэхія – Дзень перамогі), у Славакіі – Дзень перамогі над фашызмам. А ў Літве і Эстоніі сёння гэта Дзень памяці ахвяр вайны, у Латвіі – Дзень разгрому нацызму і ўшаноўвання ахвяр Другой сусветнай вайны.

І ўсё ж захапляльная штука – гісторыя самой гэтай даты і як гэта было. Паралелі напрошваюцца самі сабой! Тады, 30 красавіка 1945, пасля самагубства Гітлера ўсё разумелі, што Трэцяму рэйху прыйшоў канец. Але Гітлер перад смерцю прызначыў адмірала Карла Дзёніца прэзідэнтам Германіі, што той яго выратаваў. Вось ён і паслаў генерал-палкоўніка Альфрэда Ёдля ў Францыю ў Рэймс патаргавацца з Эйзенхаўэрам у штаб-кватэры Вярхоўнага камандавання экспедыцыйнымі сіламі Саюзнікаў у Еўропе. Але той ні ў якую, ды яшчэ прыгразіў, што закрые Заходні фронт для нямецкіх бежанцаў і вайскоўцаў, а потым пачнуць бамбаваць нямецкія гарады. Вось так і была падпісана поўная капітуляцыя. Падпісаў сам Ёдль, ад камандавання саюзных сіл генерал-лейтэнант Вальтэр Сміт і нікому да гэтага невядомы генерал-маёр Суслапараў ад СССР.

А праз пару гадзін Сталін заявіў, што гэты Суслапараў не меў на тое паўнамоцтваў і настаяў, каб акт быў падпісаны паўторна, але на тэрыторыі Нямеччыны. Так што дата 9 траўня гэта не фіксацыя часу, а задавальненне асабістых амбіцыящ дыктатара.

Цікава склаўся лёс падпісантаў акту аб капітуляцыі. Альфрэд Ёдль у Нюрнбэргу быў прызнаны вінаватым у некалькіх цяжкіх злачынствах, уключаючы падтрымку выкарыстання рабскай працы ў канцэнтрацыйных лагерах і напады на грамадзянскае насельніцтва Расеі і Нарвегіі. Ён быў прыгавораны да смяротнага пакарання і пакараны 16 кастрычніка 1946 года. Адмірал Карл Дзёніц аказаўся адзіным лідарам нацысцкай Германіі, якому ўдалося перажыць вайну. Яго галоўнай задачай былопрымусіць як мага больш нямецкіх салдат здацца ў палон заходнім войскам, а не савецкай арміі. Дзёніца прыгаварылі да 10 гадоў заняволення. Ён памёр ва ўзросце 89 гадоў у 1980 годзе. Іван Суслапараў за тое, што падпісаў акт, не маючы паўнамоцтваў, як ні дзіўна пазбег пакарання. Яго біяграфія ашаламляльна адрознівалася ад біяграфій Альфрэда Ёдля, Вальтэра Сміта, Карла Дёніца. Ён скончыў 3 класы сельскай школы, працаваў падмайстрам у краўца, а потым быў парабкам.

Але ад паралеляў нікуды не падзецца. Былыя тагачасныя саюзнікі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі ўвайшлі ў НАТА і сталі супернікамі Крамля. Сёння крамлёўскія ідэолагі, якія ўсёй сілай прапаганды апраўдваюць палітыку Крамля, прыбралі згадку аб украінцах, якія змагаліся плячом да пляча з усімі народамі былога СССР супраць агульнага ворага. І зноў паралелі: пасля падпісання акту аб капітуляцыі Сталін вымавіў тост: «За рускі народ!». Іншых народаў як бы і не было.

Але і ў самой Расеі, як і ў гітлераўскай Германіі ёсць супраціўленне. Відаць, з гэтай прычыны адменены сёлета Бяссмяротны полк. А то яшчэ чаго добрага выйдуць з партрэтамі загінулых на Данбасе ды ў іншых мястэчках Украіны. Ветэранаў вайны ў жывых амаль не засталося. А выводзіць крымінальнікаў таксама небяспечна. Раптам каго-небудзь з іх апазнаюць учорашнія ахвяры?

Дзень Перамогі для цывілізацыі – гэта перш за ўсё дэманстрацыя таго, чаго могуць дабіцца народы і нацыі, калі яны аб’яднаюцца супраць агульнага ворага. Вось і сёння Украіна абʼяднала вакол сябе дэмакратычныя краіны з мэтай даць адпор расейскаму агрэсару, які па свайму шавінізму і бесчалавечнасці нагадвае таго, які капітуляваў 8 мая 1945 года.

Любоў Лунёва belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў