Літоўцы сталі менш ездзіць у Беларусь

Пасля закрыцця памежных пунктаў пропуску «Райгардас» і «Лаворышкес» колькасць грамадзянаў Літвы, якія наведваюць Беларусь, зменшылася на 73%, паведамляе літоўскі ўрад.

Літоўска-беларуская мяжа. Фота: rus.err.ee

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у сакавіку і красавіку 2023 года літоўцы прайшлі беларускую мяжу 129 087 разоў, сёлета за такі ж перыяд – 33 917 разоў.

Зменшылася таксама колькасць людзей, якія праходзяць беларуска-літоўскую мяжу ў абодва бакі – на 48 %. Летась было зарэгістравана 659 793 такіх мінанняў, сёлета – 341 680.

Праз беларуска-літоўскую мяжу стала ездзіць менш грузавога транспарту – на 60 %. У сакавіку – красавіку 2023 года было зарэгістравана 80 268 праездаў мяжы, сёлета – 31 745.

Паводле літоўскага ўраду, памежныя пераходы былі закрытыя найперш дзеля абароны літоўскіх грамадзянаў ад уплыву спецслужбаў Беларусі, правакацыяў і агрэсіўных дзеянняў з боку рэжыму Лукашэнкі, які «не раз дэманстраваў, што літоўскія грамадзяне, якія накіроўваюцца ў Беларусь з розных прычынаў, не могуць пачувацца там у бяспецы».

«Акрамя таго, Беларусь ёсць адной з самых актыўных прыхільніц расейскай агрэсіі супраць Украіны. Мы не можам дапусціць, каб Літва стала транзітнай краінай для тавараў падвойнага прызначэння ці нейкім іншым чынам падсілкоўвала абодва агрэсіўныя рэжымы на Усходзе», – заявіла канцлерка літоўскага ўраду Гіедрэ Бальчыціце.

Закрыццё пунктаў пропуску таксама дазволіла забяспечыць эфектыўны кантроль за перавозам санкцыйных тавараў і кантрабанды, сцвярджае літоўскі бок.

Час мінання – амаль трое содняў: сітуацыя на мяжы Літвы і Беларусі катастрафічная

Паводле ўраду Літвы, скарачэнне пасажырскай і транспартнай плыняў праз беларуска-літоўскую мяжу тлумачыцца падвышэннем абазнанасці літоўцаў.

«Таксама ўзмацненне дэзынфармацыйных атак і іншых правакацыяў рэжымаў Беларусі і Расеі сведчаць пра эфектыўнасць прынятых пастановаў», – дадала Бальчыціце.

У 2023 годзе праз беларуска-літоўскую мяжу ў аўтамабільных пунктах пропуску прайшлі кантроль амаль 3,9 мільёна асобаў, што на 25,5 % больш, чым у 2022 годзе. 66 % гэтых людзей – грамадзяне Беларусі. Колькасць беларусаў, якія мінаюць беларуска-літоўскую мяжу, павялічылася на 50 %.

З 1 сакавіка 2024 года Літва цалкам закрыла пункты пропуску «Райгардас» і «Лаворышкес», а на пакінутых двух пераходах забаранілі мінаць мяжу пешшу або на роварах. Раней, 18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску «Шумскас» («Лоша» з беларускага боку) і «Твярачус» («Відзы»).

У Літве назвалі клопатам пра беларусаў абмежаванне іх паездак на радзіму

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Тэгі: Літва мяжа
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны