Туск праверыць уплыў Расеі і Беларусі на польскую палітыку. На суддзю Шмыта завялі справу

Прэм’ер-міністр Дональд Туск на пасяджэнні Калегіі спецыяльных службаў даручыў падрыхтаваць прававыя асновы для пачатку дзейнасці Камісіі ў справе расейскага ўплыву, паведамляе PAP.

Дональд Туск. Крыніца: report.az

На пасяджэнні кіраўнік польскага ўраду адзначыў, што раней былі «спыненыя расследаванні або правяранні асобаў і падзеяў, якія маглі б сведчыць пра якую-кольвек актыўнасць і ўплыў расейскіх і беларускіх службаў у апараце ўлады».

Палітык таксама папрасіў міністра – каардынатара спецыяльных службаў Томаша Семоняка падрыхтаваць рэкамендацыі наконт паправак у заканадаўства, каб Камісія ў справе расследавання расейскага ўплыву пачала паўнавартасна працаваць.

«На парадку дня стаіць пытанне аднаўлення працы ці стварэння адпаведнага органу, які будзе больш эфектыўна расследаваць расейскі ўплыў на польскую палітыку. Як вы ведаеце, у нас ёсць камісія, але ёсць канстытуцыйныя агаворкі наконт яе працы. Я папрасіў міністра Семоняка папрацаваць разам з іншымі чальцамі Калегіі ў справах спецыяльных службаў, каб ён падрыхтаваў рэкамендацыі, як унесці змены і ўдасканаліць закон, каб камісію для вывучэння ўплыву можна было аднавіць як мага хутчэй», – сказаў Дональд Туск.

Палітык лічыць справу вельмі тэрміновай і гатовы ўзаемадзеяць з прэзідэнтам Анджэем Дудам.

Напярэдадні Дональд Туск заявіў, што сувязь збеглага суддзі Томаша Шмыта з Беларуссю мае даўнюю гісторыю.

8 траўня пракуратура афіцыйна пачала расследаванне ў дачыненні суддзі па факце ўдзелу ў шпіянажы і дзейнасці замежнай выведкі. Пракуратура высвятляе, ці перадаў польскі грамадзянін замежнай выведцы інфармацыю, якая магла нанесці шкоду Польшчы. За гэта можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.

«Мэта расследавання – выявіць усе абставіны, звязаныя з магчымаю супрацаю вышэйзгаданага суддзі з замежнай выведкай, у тым ліку, перш за ўсё, аб’ём перададзеных паведамленняў. Падчас разбору будзе прааналізавана, у прыватнасці, ягонае маёмаснае, асабістае і прафесійнае становішча», – кажуць у пракуратуры.

6 траўня польскі суддзя Томаш Шмыт выступіў на прэс-канферэнцыі ў Менску і заявіў пра намер прасіць палітычнага прытулку. Ён нібыта зазнаў палітычны пераслед на радзіме. Раней Шмыт быў замяшаны на радзіме ў «хэйтарскі скандал».

Хто такі суддзя Шмыт, які папрасіў прытулку ў Беларусі, і чым ён можа нашкодзіць Польшчы

Трэба адзначыць, што папярэдняя кіроўная кааліцыя на чале з партыяй «Закон і справядлівасць» ужо прыняла закон аб камісіі, якая павінна была расследаваць расейскі ўплыў на польскую палітыку. Яе сфармавалі незадоўга да парламенцкіх выбараў, камісія засяродзілася на перыядзе папярэдняга перабывання Дональда Туска на пасадзе прэмʼер-міністра. Аднак пасля змены кіроўнай кааліцыі ў снежні 2023 года камісію распусцілі.

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны