Прадстаўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Аўстраліі падаў у адстаўку, бо не хоча быць прадстаўніком Лукашэнкі

Ўорэн Рэйналдс і Уладзімір Астапенка. Фота: чытачы Белсату

8 чэрвеня прадстаўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Аўстраліі Ўорэн Рэйналдс падаў заяву аб адстаўцы на імя старшыні БелГПП Уладзіміра Улаховіча.

Падставай для свайго рашэння Ўорэн Рэйналдс называе немагчымасць «мірыцца з беззаконнымі і злачыннымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі». Ён заяўляе, што не бачыць «больш магчымым быць прадстаўніком якога-небудзь афіцыйнага органу ўраду Лукашэнкі, ці падтрымліваць яго, ці асацыявацца з ім». Копіі гэтага ліста ёсць у рэдакцыі belsat.eu.

У 2012–2018 гадах Ўорэн Рэйналдс быў ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Аўстраліі, а з 2011 года – прадстаўніком БелГПП на паўднёвым кантыненце. Пры ім былі адкрытыя прадстаўніцтва БелАЗу ў штаце Новы Паўднёвы Ўэльс і дыстрыбутарскі цэнтр МТЗ у Заходняй Аўстраліі.

Прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзімір Астапенка звязаўся з Рэйналдсам неўзабаве пасля заявы і падтрымаў ягонае рашэнне ад імя руху беларускіх дэмакратычных сілаў.

Літва застанецца без амбасадара ў Беларусі, бо не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам

Нагадаем, што амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас будзе вызвалены ад сваёй пасады 5 жніўня. Паколькі Літва не прызнае Аляксандра Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам, новапрызначаны амбасадар не зможа ўручыць яму даверчых граматаў.

У сваю чаргу Славенія 4 ліпеня афіцыйна адклікала згоду на працу беларускага ганаровага консульства ў Любляне пад кіраўніцтвам Янеза Шкрабца. Апошні быў ганаровым консулам у Славеніі з 2014 года.

А Італія ўжо некалькі месяцаў не выдае дазволу на прызначэнне амбасадарам Беларусі Анатоля Глаза.

Славенія адклікала дазвол на беларускае консульства, Італія не дала згоду прыняць новага амбасадара

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны