На вайне ва Украіне загінуў ваяр з пазыўным Кракаў. Паводле звестак «Еўрарадыё», гэта здарылася ў Харкаўскай вобласці ў сярэдзіне сакавіка.
Беларускі добраахвотнік трапіў пад артабстрэл расейскіх вайскоўцаў і сканаў ад раненняў, не сумяшчальных з жыццём.
«Ён загінуў паміж 10 і 13 сакавіка на Харкаўшчыне. Вядома, што гэта адбылося падчас выканання баявога задання», – паведамляе «Еўрарадыё» без пазначэння крыніцы.
У якім фармаванні ваяваў Кракаў, невядома. У прэс-службе Палка Каліноўскага сказалі «Белсату», што гэта не іх ваяр.
Апошні раз пра страты сярод беларускіх ваяроў, якія абараняюць Украіну, паведамлялася 7 красавіка. У той дзень прэс-служба Палка імя Каліноўскага распаўсюдзіла інфармацыю пра гібель двух добраахвотнікаў з батальёна «Волат». Асобы ваяроў і ўсе акалічнасці не раскрывалі з мэтаў бяспекі.
Колькі беларускіх добраахвотнікаў сталі ахвярамі расейскай агрэсіі, дакладна не вядома: розныя крыніцы даюць розныя лічбы. «Еўрарадыё» перадае, што сёння вядома пра 63 беларусаў, якія загінулі, абараняючы Украіну.
У студзені сёлета ўкраінскі дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» паведамляў пра 57 загінулых, а ў сакавіку Полк Каліноўскага ў заяве з нагоды другой гадавіны стварэння заяўляў, што загінулі 19 ваяроў, асобы 11 з іх не раскрываюцца з увагі на бяспеку сваякоў.
Сцяпан Кубік belsat.eu