На сайце расейскага Нацыянальна-вызвольнага руху (НОД) з’явілася паведамленне, што рэсурс узламаны. Зрабілі гэта хакеры з Беларусі.
«Шэсці ў Менску не падабаюцца менскаму Супраціву. Так, сайт узламаны. Усе вашыя звесткі на гэтай спасылцы. Задралі ўсялякае дзярмо ў Беларусь цягнуць», – гаворыцца ў паведамленні з выявамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на галоўнай старонцы сайту.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Алиса рассказывает», узлом сайту НОД стаў адказам на праведзеную 6 жніўня ў Менску акцыю «Менск ZA Расею». У самой акцыі ўдзельнічалі з дзясятак асобаў.
У выніку ўзлому з сайту была ўзятая і апублікаваная інфармацыя пра ўдзельнікаў руху, зарэгістраваных на сайце (каля 200 000 асобаў). Звесткі змяшчаюць табліцу з інфармацыяй карыстальнікаў сайту НОД, нумарамі тэлефонаў, імёнамі, логінамі, адрасамі электроннай пошты, паролямі.
Нацыянальна-вызвольны рух (НОД) – расейскае ўльтраправае палітычнае аб’яднанне, што выступае за нацыянальны курс і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы ў межах 1945 года. На афіцыйным сайце руху распаўсюджваецца канспіралагічная тэорыя пра «каланіяльную залежнасць РФ ад ЗША», «падкантрольнасць расейскай улады ЗША» і «крышаванне» карупцыі Захадам».
Якуб Хруст belsat.eu