Першая частка канферэнцыі была прысвечаная таму, як пераадолець цяперашні крызіс і зрабіць Беларусь вольнай. Пасля гэтага абмеркавалі, што ж рабіць з Беларуссю пасля Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская падчас дыскусіі пра пераходны перыяд узяла слова і растлумачыла, што транзітны перыяд у ейным разуменні – час ад моманту, калі рэжым страціў кантроль, і да моманту свабодных выбараў. На гэты час яна бачыць шэсць задачаў:
Намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзімір Астапенка расказаў, што, на ягоную думку, пераходны перыяд мусіць быць максімальна кароткім і пасля яго беларусы мусяць атрымаць магчымасць вызначаць свой лёс на справядлівых прэзідэнцкіх, парламенцкіх і мясцовых выбарах. Адказнасць за пераходны перыяд мусіць узяць на сябе структура грамадзянскай супольнасці. Калі прыйдзе гэты перыяд, ён не ведае, але ўпэўнены, што пераходны перыяд непазбежны.
Пасля пераходу ўлады да дэмакратычных сілаў, кажа Астапенка, можна будзе адразу вызваліць Беларусь ад санкцыяў, бо тыя ўводзіліся ў сувязі з сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека – санкцыі здымуць, калі спыняцца рэпрэсіі і выйдуць на волю палітычныя вязні. Беларусь зможа адкрыць сваё неба для палётаў, калі будзе праведзенае расследаванне захопу самалёта «Ryanair» і калі вінаватыя ў авіяцыйным пірацтве паўстануць перад судом. Прадпрыемствы змогуць аднавіць устойлівую працу, калі скончыцца антыўкраінская агрэсія, а ваенныя злачынцы будуць асуджаныя.
«У такі перыяд вельмі важна, каб нам заўсёды было да законаў, – згадаў Астапенка фразу Лукашэнкі пра «часам не да законаў». – І нам будзе да законаў, бо менавіта ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам мы будзем настойваць на непазбежнасці пакарання і прыцягнення да адказнасці ўсіх тых, хто чыніў злачынствы супраць беларускага народу».
Ён пагадзіўся з раней агучанай ідэяй прыняцця спецыяльнага заканадаўства аб люстрацыі, але дадаў, што гэта мусіць быць не спосабам расправы з рэжымнымі палітыкамі і чыноўнікамі, а інструментам абароны дэмакратыі, якая будзе нараджацца. А новай Беларусі спатрэбяцца кампетэнтныя спецыялісты – у тым ліку тыя, якія цяпер працуюць на ўлады. Іх ён заклікаў далучацца да «кадравага рэзерву».
Прадстаўнік BYPOL Алег Талерчык адказаў на пытанне аб тым, што рабіць, каб «ізноў не з’явілася хунта»: патрэбны пераходны кабінет, які легітымізуе дзейнасць нацыянальных сілавых структураў, што цяпер ствараюцца. Калі будзе такі пераходны кабінет, які будуць прызнаваць легітымным і беларусы, і міжнародная супольнасць, не будзе пытанняў пра тое, ці новая сілавая структура пры гэтым кабінеце ўзурпуе ўладу і ўсталюе ваенную дыктатуру.
BYPOL, расказаў ён, бачыць комплекс захадаў на першыя ж 30 дзён дзеля забеспячэння правапарадку пасля змены ўлады. Трэба адхіліць ад кіравання вышэйшых кіраўнікоў сілавых структураў (МУС, КДБ, Мінабароны, Савету бяспекі, МНС, ААЦ, Памежнага камітэту, СК, Генпракуратуры…), прызначыць часовых выканаўцаў абавязкаў кіраўнікоў асноўных падраздзяленняў гэтых ведамстваў з ліку дзейных працаўнікоў, якія падпішуць спецыяльную дэкларацыю вернасці народу і пераходнаму ўраду. Трэба прызначыць часовую жорсткую іерархічную сістэму з толькі трыма ўзроўнямі кіраўніцтва: нацыянальным, абласным і раённым. Падраздзяленні, якія ўдзельнічалі ў злачынствах супраць народу, раззброіць і вывесці іх склад за штат (са звольненымі і выведзенымі за штат – праводзіць індывідуальныя размовы і прафілактычную працу, правяраць на паліграфе, каб разумець, ці падтрымліваюць яны дэмакратычныя змены). Стварыць грамадзянскую абарону паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, каб былыя ўлады не стварылі рэваншысцкіх сілаў. Усталяваць кантроль на мяжы з Расеяй.
Прадстаўнік Ціханоўскай Анатоль Лябедзька казаў, што канстытуцыйная рэформа – адзін з галоўных пунктаў пераходнага перыяду, бо трэба не толькі «памяняць прозвішчы», а змяніць сістэму. Ён выступіў за новую Канстытуцыю (праект ужо ёсць, яго абмеркаванні працягваюцца), а не вяртанне да Канстытуцыі-1994, якая дае прэзідэнту вельмі шырокія паўнамоцтвы – прэзідэнт мусіць быць элементам стрымлівання, вагаў і супрацьвагаў. Талерчык жа выказаўся за тое, каб першыя выбары прайшлі паводле Канстытуцыі-1994, каб выбраны парламент займаўся канстытуцыйнай рэформай.
Лябедзька дадаў, што могуць быць розныя сцэнары таго, якой будзе Беларусь без Лукашэнкі: хай без яго, але з Саветам бяспекі («ваеннай хунтай», як назваў гэта Лябедзька); або без яго і хунты, але з той лукашэнкаўскай сістэмай, з якой давядзецца сядаць за «круглы стол»; або Беларусь без Лукашэнкі, хунты і ягонай сістэмы, а з легітымнасцю Ціханоўскай. Да змены ўлады так ці іначай трэба ісці з «партфелем з адказамі на ўсе пытанні», бо пераходны перыяд будзе вельмі кароткім – максімум год.
Старэйшы навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, эканаміст Леў Львоўскі адзначыў, што ў 2020 годзе людзі, якія галасавалі за Ціханоўскую, галасавалі ў тым ліку за стабільнасць і прадказальнасць – бо пры Лукашэнку цяпер поўная непрадказальнасць і нявызначанасць, непрадказальная інфляцыя і непрадказальнае заканадаўства. Львоўскі прывёў прыклад: калі абмяркоўваецца пенсійная рэформа, трэба паказваць, якія наогул існуюць пенсійныя сістэмы, да чаго краіна прыйдзе пры тым або іншым варыянце
Транзіт улады можа пачацца падчас стабільнага стану эканомікі – тады важна не дапускаць памылак і дзейнічаць паступова, каб людзі не спужаліся транзітнага перыяду. Другі варыянт – транзіт можа прайсці пры відавочным калапсе эканомікі, нізкіх даходаў, падзенні ВУП. Тады паступовыя рэформы з упорам на сацыяльнае забеспячэнне не дапамогуць, але рэформы мусяць быць прадказальнымі – таму выпрацоўвацца ўжо цяпер. І самы цяжкі варыянт – калі звонку ўсё выглядае стабільна, але «сістэма прагніла» і прадпрыемствы стаяць на мяжы банкруцтва. Такая сітуацыя будзе самай складанай, бо беды могуць зваліць на новы ўрад, і тады трэба рабіць найбольшы ўпор на тлумачэнні, адкрытасць і экспертныя меркаванні. У другім і трэцім варыянце патрэбная «падушка бяспекі», новы «план Маршала», каб не паўтарыць лёс польскага ці расейскага транзітаў улады.
Прадстаўнік палка «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў адкрыў першую дыскусію на тэму стратэгіі выхаду з крызісу. Ён прапанаваў сфармаваць альтэрнатыўны ўрад з цывільнай і вайсковай часткамі, а таксама зладзіць стратэгічную сесію ў вузкім коле і з «лічбавай гігіенай», бо стратэгія мірнага супраціву, лічыць ён, не спрацавала, і цяпер ідзе вайна не столькі з Лукашэнкам, колькі з Расейскай імперыяй. Ён дадаў, што сілавы метад – гэта не абавязкова «рэкі крыві», бо часам бывае дастаткова дэманстрацыі сілы.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка згадаў заклік Святланы Ціханоўскай ад 24 лютага стварыць пераходны кабінет – і прапанаваў нарэшце рэалізаваць гэтую прапанову. То бок стварыць агульную і адзіную падсправаздачную структуру, якая возьме на сябе абавязак вызваліць Беларусь і зрабіць яе дэмакратычнай. Як і Пракоп’еў, ён прапанаваў мець сілавы блок – і запрасіў яго на «сустрэчы ў добра праветраных памяшканнях», якія ўжо ідуць. Ён прапанаваў зрабіць Ціханоўскую «першай сярод роўных» ва ўрадзе, даць ёй права вета, якое можна пераадолець з 2/3 галасоў.
Прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў прызнаў, што мірныя пратэсты не далі вынікаў, таму BYPOL і мае план «Перамога». BYPOL, сказаў ён, лічыць, што «сістэму можа перамагчы толькі сістэма», таму Ціханоўскай трэба як мага хутчэй стварыць пераходны кабінет, фактычна ўрад у выгнанні, які дасць легітымнасць плану «Перамога» і іншым «партызанам». Да супрацы ў сілавой частцы плану «Перамога» ён запрасіў полк Каліноўскага, полк «Пагоня», рух «Супраціў», «Кіберпартызанаў» і іншыя арганізацыі.
Прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі таксама пагадзіўся, што акрамя сілавога шляху ўжо ўсё спрабавалі. Ён таксама прапанаваў прызнаць крызіс лідарства і крызіс апазіцыі, крызіс стомы за два гады. Ён не дамаўляўся з іншымі выступоўцамі, але таксама рыхтаваў выступ пра ўрад у выгнанні – і ягоныя прапановы супалі з раней агучанымі. Шчыгельскі дадаў, што альтэрнатыўны ўрад цяпер не мусіць распрацоўваць законы для тэрыторыі Беларусі (гэта – пасля транзіту ўлады), але мусіць мець бачанне будучыні для мабілізацыі падтрымання, а таксама мусіць «перахапіць суб’ектнасць у рэжыму». У гэтым урадзе ён лічыць неабходнымі палітычны, дыпламатычны, сілавы і рэсурсны кампаненты.
Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі расказаў, што кансультацыі адносна агульнай выканаўчай структуры вядуцца даўно, орган плануецца стварыць на базе рэфармаванай Каардынацыйнай рады – і гэта будзе абмяркоўвацца на 4-й панэлі канферэнцыі. Ён адзначыў, што гарызантальныя структуры, дзе прадстаўленыя ўсе, гэта добра, але мусіць быць і вертыкальная структура.
За альтэрнатыўны ўрад як за структуру выступілі ўсе прамоўцы на сцэне. На прапанову Пракоп’ева рукі паднялі і людзі ў зале – не ўсе, але даволі шмат прысутных. Сярод апытаных у інтэрнэце падчас дыскусіі прапанову пераходнага кабінету падтрымалі 87 %.
Алесь Наваборскі belsat.eu