Беларускія дэмакратычныя сілы адчуваюць, што Украіна нарэшце гатовая ісці насустрач і лічыцца з імі, у адрозненні ад мінулага году, калі відавочнай была стрыманасць і нават агрэсія ў наш бок. Пра гэта ў жывым эфіры «Белсат» распавёў новы прызначаны кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько.
Цалкам размову глядзіце тут:
«Дзякуючы рэжыму Лукашэнкі, мы сталі суагрэсарамі. Там асаблівыя адносіны. І самы галоўны кірунак маёй дзейнасці на сёння – знайсці агульныя кропкі і выбудаваць разуменне з Украінскай дзяржавай, з яе дзяржаўнымі ўстановамі і структурамі, знайсці кантакт і разуменне».
Кіраўнік Місіі зазначае, што цяпер вельмі важна правільна выбудаваць адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі дзеля таго, каб разам змяніць сітуацыю, у якой апынуліся нашыя народы. І цяпер для гэтага – самы час.
«У мінулым годзе мы бачылі дастаткова стрыманыя адносіны з украінскага боку, таму што накладвалі адбітак адносіны і пагрозы з боку Беларусі: уваход узброеных сілаў Беларусі, уключэнне ў канфлікт 1064 кіламетры беларуска-ўкраінскай мяжы. То бок была пагроза, і ўкраінскі бок вельмі ўважліва і асцярожна адносіўся да якіх-небудзь кантактаў з дэмакратычнай часткай Беларусі, хаця на момант 2020 года яны сваю пазіцыю выказалі, яны не прызналі рэжым Лукашэнкі».
Але, паводле эксперта, у гэтым годзе сітуацыя змянілася і цяпер ёсць усе перадумовы для развіцця добрасуседскіх адносінаў:
«Мы атрымліваем сігналы. Гэта вельмі тонкія сігналы, зразумела. Але мы атрымліваем сігналы, што ёсць гатовасць разумець нас, хто мы і што мы хочам, як мы бачым далейшае развіццё, як мы бачым сумесную працу, чым мы можам быць карысныя адзін аднаму».
Таму праз тыдзень кіраўнік Місіі плануе вярнуцца ва Украіну, выявіць асноўныя кірункі працы і выставіць дэдлайны на іхнае выкананне. Не бачыць праблемы Генадзь Манько і ў адбудаванні кантактаў паміж дэмсіламі Беларусі і каліноўцамі.
«Я прамога супрацьстаяння не бачу такога. Я лічу, што трэба ўсё ўскрываць, адкрываць, гаварыць адкрыта – і ад гэтага будзе залежыць далейшае развіццё. Калі мы будзем усё гэта прагаворваць, калі ў нас ёсць агульныя мэты, калі мы разумеем, што вораг у нас адзін, то чаму не? Мы павінныя проста знайсці такі сімбіёз, дзе ёсць палітычны складнік і ваенны. Мы ўсе беларусы – і ў нас адныя мэты».
Марыя Голдстэйн belsat.eu