Сэрвіс таксі ад кампаніі «Яндэкс» працуе ў шмат якіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, і захоўвае ў расейскіх дата-цэнтрах інфармацыю аб усіх паездках, нават за межамі Расеі, піша выданне «Медуза». 1 верасня да гэтых звестак атрымае доступ ФСБ.
Выданне «Медуза» сцвярджае, Федэральная служба бяспекі атрымае доступ да ўсіх паездак карыстальнікаў «Яндэкс», нават замежных. Паводле расейскага заканадаўства, ад 1 верасня спецслужба ў кругласутачным аддаленым рэжыме зможа бачыць адрасы паездак, імя карыстальніка, ягоны IP-адрас, электронную скрыню ды іншую інфармацыю.
Такія правілы тычацца ўсіх кампаніяў, што ўлучаныя ў адмысловы спіс «Арганізатараў распаўсюду інфармацыі». З усіх расейскіх сэрвісаў таксі ў гэтым рэестры толькі «Яндэкс». Астатнія кампаніі, што надаюць такую паслугу, абавязаныя перадаваць інфармацыю ФСБ на падставе асобных запытаў.
Таксі з дапамогаю «Яндэкса» можна замовіць у шмат якіх краінах: Беларусі, Грузіі, Арменіі, Казахстане, а таксама Ізраілі, Нарвегіі ды Фінляндыі. Кампанія працуе пад брэндамі «Yango» и «Yandex Go». Інфармацыя аб усіх паездках, у тым ліку за межамі Расеі, захоўваецца ў расейскіх дата-цэнтрах, сцвярджаюць крыніцы ў кампаніі. Такім чынам, гэтыя звесткі таксама зможа атрымаць ФСБ.
«Медуза» звяртае ўвагу, што спецслужбу могуць зацікавіць грамадзяне, якія эмігравалі пасля пачатку вайны ва Украіне, а «Яндэкс» акурат працуе ў тых краінах, дзе цяпер жыве багата расейцаў.
Пры гэтым у самой кампаніі запэўнілі, што «звесткі аб паездках змогуць атрымаць толькі праваахоўныя органы той краіны, дзе паездка была здзейсненая, паводле працэдураў, што прапісаныя ў лакальных законах». І пасля 1 верасня «гэтая логіка не зменіцца», паабяцаў «Яндэкс».
Кампанія «Yango» (пад гэтым брэндам сэрвіс замовы таксі ад «Яндэкса» працуе ў 17 краінах) таксама запэўніла:
«Заканадаўства Расеі не распаўсюджваецца на міжнародны бізнес і на карыстальнікаў «Yango», бо яны ажыццяўляюць паездкі і карыстаюцца праграмаю за межамі Расеі».
Сяргей Крот belsat.eu