Крыніцы расейскага выдання РБК у беларускім урадзе кажуць, што ўлады Беларусі разлічваюць на расейскі крэдыт у тры мільярда долараў, які часткова ці цалкам пакрые Еўразіскі фонд стабілізацыі і развіцця.
Паводле крыніцаў РБК, гэты крэдыт стаў адной з тэмаў перамоваў уладаў Беларусі і Расеі.
У фондзе выданню пацвердзілі факт папярэдніх кансультацыяў з Беларуссю, але заявілі, што «казаць пра суму і канкрэтныя тэрміны пакуль зарана».
Выданне згадвае, што 8 верасня міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў (ён жа – паўнамоцны прадстаўнік Расеі ў ЕФСР) казаў, што Расея можа аказаць дадатковую падтрымку ўладам Беларусі, бо «сусед аказаўся ў няпростым фінансавым становішчы».
«Але зараз самая галоўная задача накіраваная на тое, каб стымуляваць працэс інтэграцыі, падпісання так званых стратэгічных планаў інтэграцыі нашых эканомік, – адзначыў Сілуанаў, калі адказваў на пытанне пра фінансавую падтрымку Расеяй Беларусі. – Сёння гэта самае галоўнае на парадку. Але я не выключаю таго, што нейкія віды падтрымкі мы зможам пры неабходнасці аказаць нашым беларускім партнёрам».
АА belsat.eu