Абвінавачанне просіць два гады калоніі для магілёўскага актывіста за «знявагу» Лукашэнкі

Суддзя Вікторыя Палякова. Фота: «Белсат»

Падчас працэсу ў судзе Ленінскага раёну Магілёву абвінавачанне 8 кастрычніка запрасіла два калоніі агульнага рэжыму для 30-гадовага актывіста Валянціна Лабачова, паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Суддзя Вікторыя Палякова абвесціць прысуд 11 кастрычніка ў 14:00. Актывіст мяркуе, што яна вынесе менавіта такое рашэнне, якое і просіць абвінавачанне.

«Будзьце аптымістамі, настройвайцеся на лепшае, бо лепшае яшчэ наперадзе. Турма ці калонія – гэта не смяротна», – адзначыў Валянцін Лабачоў.

Зараз ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, але мяркуе, што ўжо 11 кастрычніка яго затрымаюць. З гэтай нагоды актывіст просіць пісаць яму лісту і дзякуе ўсім за падтрымку.

Магілёўскага актывіста Валянціна Лабачова за «знявагу» Лукашэнкі пачнуць судзіць 28 верасня

Нагадаем, што 30-гадовы жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў – даўні ўдзельнік апазіцыйнага руху. Мужчыну затрымалі 9 жніўня 2020 года разам з сябрамі за фота з нацыянальным сцягам каля Кастрычніцкага РАУСу.

Валянцін Лабачоў каля Косаўскага палацу. Фота прадстаўленае героем публікацыі

У чэрвені 2021 года Валянціна зноў затрымалі на вуліцы. Яго вінавацяць паводле ч. 2 арт. 368 КК («Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, злучаная з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства»).

Справу на магілёўца завялі за скрыншот паведамлення аднаго з тэлеграм-каналаў, размешчанага яшчэ мінулым летам. Паводле пастановы СК, словы на скрыне « у пэўным кантэксце і накіраваныя на адрас канкрэтнага адрасата выказваюць негатыўную ацэнку адрасата і крыўдзяць яго сэнсам, а таксама гэтыя словы зняважлівыя, прыніжаюць гонар і годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

«Усё будзе добра». Актывісту з Магілёва выставілі больш цяжкае абвінавачанне за «знявагу» Лукашэнкі

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны