Разглядаецца праект закону, згодна з якім любая краіна ЕЗ здолее забараніць кампаніям з Расеі і Беларусі доступ да сваіх трубаправодаў і тэрміналаў звадкаванага прыроднага газу. Пра гэта паведамляе «Financial Times».
Гэта дазволіць энергетычным кампаніям ЕЗ разрываць кантракты з расейскімі дастаўцамі газу без выплаты значных кампенсацыяў.
«Згодна з законапраектам, дзяржавам – чальцам ЕЗ будзе дазволена часткова або, дзе гэта апраўдана, цалкам абмяжоўваць доступ да інфраструктуры для газавых аператараў з Расеі і Беларусі, калі гэта неабходна для абароны іх асноўных інтарэсаў бяспекі», – адзначаюць у «Financial Times».
Чакаецца, што праект зацвердзяць 8 снежня, а затым канчатковы варыянт павінен быць адобраны Еўрапарламентам і дзяржавамі-чальцамі.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ЕЗ паступова зніжаў залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў. Аднак, паводле Еўрастату, у трэцім квартале 2023 года Расея яшчэ пастаўляла блізу 12 % ад агульнага аб’ёму імпарту газу ў Еўразвяз.
Арсен Рудэнка belsat.eu