Летась беларусы здалі валюты на $ 292 млн болей, чым купілі. На што пайшлі грошы?

За мінулы год фізічныя асобы купілі валюты на $ 9,8 млрд, а прадалі – на $ 10,1 млрд. Розніца – $ 292 млн, падлічыў Нацбанк. Трэці год беларусы здаюць болей, чымся набываюць. «Белсат» спытаў у эканаміста Дзмітрыя Крука, чаму так адбываецца.

Пункт абмену валют у ГУМе. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года. Фота: Белсат

Дзякуючы фізічным асобам летась Нацбанк паклаў $ 292 млн у кішэню, што завуцца золатавалютнымі рэзервамі. У студзені і напрыканцы года беларусы запасаліся замежнымі грашыма, у снежні пакупка валюты нават пераваліла за $ 1 млрд, аднак збольшага прапанова перавышала попыт.

Гатоўкаю валюты здавалі больш, чым куплялі, з безнаяўнымі – наадварот: назапашвалі больш, чым выдаткоўвалі.

Фізічныя асобы трэці год запар больш прадаюць замежнай валюты, чым набываюць. Апошні раз попыт перавышаў прапанову ў 2020 годзе. Тады грамадзяне купілі валюты на $ 2 млрд больш, чым здалі. У 2021 годзе здалі на $ 53 млн больш, чым купілі, у 2022-м – на $ 26 млн, а летась сальда амаль дасягнула $ 300 млн.

Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук патлумачыў «Белсату», што беларусаў «дэдаларызуюць» банкі пад ціскам фінансавага рэгулятару:

«Менавіта для 2023 года важна, што банкі пад ціскам Нацбанку ўсё больш пагаршаюць магчымасці для захавання валюты і вымушаюць дадаткова хатнія гаспадаркі пазбаўляцца ад валюты».

Яшчэ адзін беларускі банк пачне браць камісію за захоўванне валюты

Банкі фактычна выпіхваюць замежныя грошы, ухваляючы буйныя камісіі за абслугоўванне валютных рахункаў. Пагатоў, адсоткавыя стаўкі валютных укладаў не дазваляюць мець прыбытку, бо нават інфляцыі не кампенсуюць, таму долары з еўрамі і выносяць. Калі ў студзені 2020 года беларусы трымалі на дэпазітах валюты на $ 6,2 млрд, то цяпер, паводле звестак на снежань 2023 года, – толькі $ 3 млрд.

Такім чынам, кажа эканаміст, людзі цяпер намагаюцца неяк уладкаваць грошы, што раней захоўваліся на дэпазітах у замежнай валюце.

«Да 2020 года, для некага – да 2022 года стандартным механізмам захоўвання ашчаджэнняў быў дэпазіт у замежнай валюце. Цяпер для многіх гэтая формула перастала працаваць, і гэта не ўспрымаецца як надзейны спосаб захоўвання грошай», – адзначыў Крук.

У Беларусі ўпершыню з леташняга снежня паменела гатоўкі ў абарачэнні

Адмысловец мяркуе, што значную частку валютных ашчаджэнняў беларусы канверсавалі ў рублі і інвеставалі ў жытло. На карысць гэтай версіі сведчыць бум на рынку нерухомасці ў Беларусі.

«Часткова валютную заначку, ад якой пастаноўлена пазбавіцца, выдаткоўваюць на бягучае спажыванне, на тавары і нават на захоўванне ашчаджэнняў у беларускіх рублях. Гэта відаць са статыстыкі грашовай масы: частка гатоўкі ў агульнай грашовай масе істотна павялічылася за апошні час», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Дэвальвацыйныя вынікі года. Рубель патаннеў да долара на 16%, а да еўра – на 21%

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны