Польшча прыпыняе працу пункту пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю

З 10 лютага будзе закрыты польскі пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Гарадзенскай вобласцю, заявіў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі. З беларускага боку на гэтым пераходзе месціцца пункт пропуску «Бераставіца».

Пункт пропуску «Баброўнікі». Крыніца: e-truckbus.pl

Станам на 9 лютага гэта самы загружаны пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы. На 12:00 там чакаюць выезду з Беларусі 40 легкавых машынаў і 160 фураў.

«Дзеля важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі я пастанавіў прыпыніць да далейшага апавяшчэння з 12:00 10 лютага гэтага года рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках», – паведаміў Мар’юш Каміньскі.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы застанецца толькі адзін пераход у Берасцейскай вобласці з пунктам пропуску «Берасце» і пункт пропуску «Казловічы» для грузавых аўтамабіляў. Яшчэ адзін пераход «Брузгі – Кузніца» ў Гарадзенскай вобласці не працуе з восені 2021 года.

Нагадаем, што ўчора, 8 лютага, журналісту і актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту прысудзілі 8 гадоў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і ў закліках да санкцыяў. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Праз прысуд Пачобуту паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў польскае МЗС, якое раней крытычна асудзіла такі вырак суда.



Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны