Смяротнае пакаранне за «здраду дзяржаве» і суд над украінцам. Рэпрэсіі за 9 сакавіка

«Белсат» працягвае збіраць факты пераследу беларусаў рэжымам Лукашэнкі. Распавядаем пра выпадкі рэпрэсіяў, аб якіх стала вядома 9 сакавіка.

У Беларусі ўводзіцца крымінальная адказнасць «за дыскрэдытацыю Узброеных сіл», а таксама смяротнае пакаранне за «здраду дзяржаве» для чыноўнікаў і вайскоўцаў – Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Асноўнай мэтай дакументу заяўлена «ўзмацненне процідзеяння злачынствам экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) і антыдзяржаўнай накіраванасці».

У Беларусі цяпер можна расстрэльваць за «здраду дзяржаве»

Вынесены прысуд двум беларусам і грамадзяніну Украіны па справе за «агентурную дзейнасць на карысць Украіны», нібыта за перадачу інфармацыі ўкраінскаму боку. Суддзя Руслан Царук вынес наступныя прысуды:

  • Паўлу Купрыенку, грамадзяніну Украіны, прызначылі паводле арт. 358-1 («Агентурная дзейнасць») 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнена рэжыму;
  • Тараса Мачынскага, жыхара Гомельшчыны, абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» па ч. 1 арт. 356 КК і прысудзілі 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнена рэжыму;
  • Дзмітрыя Салавянчыка, таксама жыхара Гомельшчыны прызналі вінаватым ва « ўкрывальніцтве слядоў цяжкага злачынства» і прызначылі штраф у памеры 400 базавых велічыняў (14 800 рублёў).
Павал Купрыенка на судзе. Фота: gp.by

Палітзняволенага анархіста Сяргея Раманава будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». У снежні 2021 яму прысудзілі 20 гадоў калоніі. З канца траўня 2022 года Сяргей адбываў тэрмін у ваўкавыскай калоніі № 11, дзе на яго ўвесь час аказвалі ціск: неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА, а нядаўна на 4 месяцы адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Сяргею Франчуку, стрыечнаму брату намесніка камандзіра палка Каліноўскага, дадалі яшчэ тры артыкулы – яго справу перадалі ў пракуратуру. Калі раней Сяргею інкрымінавалі толькі арт. 342 КК («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), то цяпер яго абвінавачваюць ажно па чатырох артыкулаў – яму дадалі арт. 368 КК за нібыта абразу Лукашэнкі, арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 130 («Распальванне варожасці»).

Пяцярых людзей асудзілі да «хатняй хіміі» за фотаздымкі ўдзелу ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе, якія міліцыянты знайшлі ў інтэрнэце. Прысуды вынеслі Дзмітрыю Ступакевічу, Людміле Цыбульскай, Сяргею Ляўко, Дзмітрыю Плешавеню і Юрыю Дзіковічу. Чатыры абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай да абвяшчэння прысудаў і былі вызваленыя ў зале суда.

У Лідзе асудзілі Іллю Мазоля на паўтара года «хіміі» за каментары паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён са свайго мабільнага тэлефона пакінуў у тэлеграм-чаце «Ліда 97%» каментары і відэа «з мэтай узбуджэння ў неабмежаванай колькасці карыстальнікаў месенджара «Тэлеграм» пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Гэта расцанілі як арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны