У Гомлі ўкраінца і двух беларусаў асудзілі за «шпіянаж»

У Гомельскім абласным судзе 9 сакавіка завяршыўся працэс па справе аб «агентурнай дзейнасці на карысць Украіны», па якім праходзілі двое беларусаў і грамадзянін Украіны, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Павал Купрыенка на судзе. Фота: gp.by

Грамадзяніна Украіны Паўлу Купрыенку, якому 55 год, суд прызнаў вінаватым у «агентурнай дзейнасці» па арт. 358-1 КК і прыгаварыў да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Жыхара Гомельскай вобласці, 32-гадовага Дзмітрыя Салавянчыка суд прызнаў вінаватым у «здрада дзяржаве» і прысудзіў 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 41-гадоваму Тарасу Мачынскаму, таксама жыхару Гомельскай вобласці, прызначылі штраф у 400 базавых (14,8 тысяч рублёў) за «ўкрывальніцтва злачынства».

Такія прысуды вынес суддзя Руслан Царук.

На дзяржаўным тэлебачанні чатыры месяцы таму выпусцілі відэасюжэт, у якім паведамлялася, што нібыта «КДБ Беларусі спыніў дзейнасць агентуры ваеннай разведкі Украіны». У сюжэце паказваюцца тры затрыманыя: грамадзянін Украіны і прадпрымальнік Павел Купрыенка і два грамадзяніна Беларусі Дзмітрый Салавянчык і Тарас Мачынскі.

Паведамлялася, што ў Паўла Купрыенкі «былі заданні, у тым ліку, па маніторынгу грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі». Нібыта ў яго знайшлі дакумент за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Прапагандысты сцвярджаюць, што Купрыенку завербавалі ўкраінскія спецслужбы.

Тараса Мачынскага абвінавачваюць у тым, што ён перадаваў дадзеныя аб размяшчэнні і перасоўванні па Беларусі вайсковай тэхнікі Купрыенку, а той украінскім спецслужбам. Пры гэтым паведамляецца, што Мачынскі атрымаў беларускае грамадзянства толькі ў 2010 годзе, а прапагандысты яго называюць «былым украінцам». Дзмітрый Салавянчык нібыта здымаў перамяшчэнне ваеннай тэхнікі ў Беларусі і прасіў пра гэта родных, а потым перадаваў Купрыенку, «не ведаючы, для чаго яны яму».

Працэс праходзіў з 14 лютага ў закрытым рэжыме.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны